З лютага гэтага года ідэолагі з аддзелаў культуры пачалі правяраць бібліятэкі ўсіх узроўняў. Як стала вядома «Радыё Свабода», з паліц загадалі прыбраць гістарычныя кнігі, якія былі выдадзеныя ў 1990-я гады, але ня толькі.
«У нашай раённай бібліятэцы прайшла «інвентарызацыя». Ідэолагі з аддзела культуры сказалі прыбраць з паліц — пакуль не паліць, праўда, а здаць у архіў кнігі па гісторыі, выдадзеныя ў 90-я гады. Нават тыя, дзе няма бел-чырвона-белага сцяга ці «Пагоні». Такія кнігі, дарэчы, у нас даўно прыбраныя ў архіў. Адназначна сказалі схаваць у архіў кнігі Святланы Алексіевіч, кнігі пра паўстанне 1863 года, пра асобу Кастуся Каліноўскага», — паведаміў ананімны супрацоўнік адной з раённых бібліятэк.
Па інфармацыі «Свабоды», чысткі праходзяць з лютага 2023 года і ў школьных бібліятэках. Там загадалі прыбраць падручнікі па гісторыі, выдадзеныя ў 90-я гады, і некаторыя гістарычныя кнігі.
«Наконт кніг Васіля Быкава сказалі «правесці інвентарызацыю». Іх не гаварылі прыбіраць, а толькі палічыць — колькі кніг, якія менавіта творы ёсць. Але ж яго праходзяць у школьнай праграме», — расказала крыніца «Свабоды».
Крыніца: svaboda.org