Польшча працягне лічыць суадказным за агрэсію супраць Украіны рэжым Лукашэнкі. Дзяржава будзе дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў і працягне праяўляць салідарнасць з беларускім народам, у тым ліку шляхам падтрымкі беларускай дыяспары. Аб гэтым прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў на сустрэчы з польскім дыпламатычным корпусам, якая адбылася ў панядзелак.
“Хачу нагадаць пра рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які аб’яднаўся з Крамлём. Мы не павінны забываць, што Беларусь – не толькі краіна, якая афіцыйна падтрымлівае Расію, але і адзіная, якая дэ-факта спрыяла баявым дзеянням, падаўшы сваю тэрыторыю для нападу на Украіну прама з поўначы ў крытычнай фазе вайны. Таму пакуль Беларуссю кіруе Лукашэнка, польская дыпламатыя павінна ставіцца да яе як да дзяржавы, адказнай за вядзенне пуцінскай вайны. Такім чынам, мы павінны імкнуцца на міжнародным форуме ўвесці і ўзмацніць усе магчымыя санкцыі супраць гэтай краіны”, – сказаў ён.
Пры гэтым Дуда адзначыў, што трэба не забываць і пра беларускі народ, які, у адрозненне ад расійскага, “не атручаны духам імперыялізму, дружалюбна ставіцца да Польшчы і палякаў”. Па словах польскага прэзідэнта, беларусаў “тэрарызуе аўтакрат”, які не мае падтрымкі грамадзян і прыйшоў да ўлады ў выніку фальсіфікацый на выбарах.
“Таму мы павінны праявіць салідарнасць з беларускім народам! Нельга забываць пра больш за тысячу палітвязняў у Беларусі, а таксама пра рэпрэсіі супраць палякаў, якія пражываюць у гэтай краіне. Жорсткім сімвалам гэтых рэпрэсій стала незаконнае асуджэнне Анджэя Пачобута. Таму мы будзем змагацца на міжнародных форумах за вызваленне ўсіх палітвязняў і выступаем за ўзмацненне абмежавальных мер, уведзеных у адносінах да Беларусі”, – дадаў прэзідэнт Польшчы.
“У нашых інтарэсах прасоўваць і ўмацоўваць беларускую дыяспару і яе незалежныя палітычныя колы і ў іншых краінах. Мы павінны падтрымліваць іх – гэта наш суседскі, грамадзянскі абавязак як краіны “Салідарнасці”, як краіны, чыё грамадства калісьці без адзінага стрэлу здолела перамагчы камунізм, спрыяючы і канчатковаму развалу Савецкага Саюза”, – закончыў прамову Дуда.
Крыніца: reform.by
Fot. Marek Borawski/KPRP