«Анджэй Пачобут з’ехаў адбываць пакаранне ў Наваполацк. Паведаміў у лісце з Віцебска, дзе спыняўся падчас этапу па шляху ў наваполацкую калонію», – напісала ў фэйсбуку жонка зняволенага паляка Аксана Пачобут.
26 мая Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу аднаго з кіраўнікоў Саюза палякаў Беларусі і журналіста Анджэя Пачобута. Суддзя Ігар Любавіцкі пакінуў прысуд па яго справе без зменаў, а скаргу — без задавальнення. «Вясна» пісала, што палітвязня хутка перавядуць у калонію.
Нагадаем, 8 лютага Гродзенскі абласны суд у асобе суддзі Дзмітрыя Бубенчыка прысудзіў польскага актывіста да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за «заклiкi да санкцый» і «распальванне варожасці».
fot. facebook