Беларускія ўлады знеслі гістарычны будынак пошты ў вёсцы Мілавіды Брэсцкай вобласцi, паведаміў партал Bar24.by. У будынку, які жыхары вёскі называлі белым домам, некалі размяшчаўся штаб паўстанцаў Калiноўскага.
Па адных звестках, паштовая станцыя была пабудавана ў 1843 г., па іншых — у 1846 г. на трасе Івацэвічы — Слуцк.
Падчас Паўстання 1863-1864 гг. у будынку размяшчаўся адзін з паўстанцкіх атрадаў. Паштовая станцыя была апісана вядомым этнографам Паўлам Шпілеўскім, які праязджаў па Варшаўскім тракце і пакінуў успаміны ў сваёй кнізе «Падарожжа па Палессі і беларускім краі».
Будынак пошты да нядаўняга часу выкарыстоўваўся як рамонтна-дарожная ўстанова.
У Мілавідах 3 чэрвеня 1863 г. група пад кіраўніцтвам Аляксандра Ланкевіча вяла пераможны бой з пераважнай сілай рускай арміі, якая панесла вялікія страты. Апошнія гады міліцыя разганяла ўдзельнікаў урачыстасцяў у гонар паўстанцаў, якія дэмакратычная апазiцыя ладзіла там у гадавіну бітвы.
Крыніца: bar24.by