24 чэрвеня 1796 г. у Малюшыцах пад Навагрудкам нарадзіўся Ян Чачот – адзін з найзнакамiтшых паэтаў эпохі рамантызму, этнограф, аўтар “Праснічкi”. Ён унёс вялікі ўклад у развіццё беларускай мовы. Быў блізкім сябрам Адама Міцкевіча. Мiцкевiч згадаў пра яго нават у трэцяй частцы Дзядоў.
Паходзіў з дробнай шляхты на Навагрудчыне, яго бацькі: Клара Гаціска і Тадэвуш Чачот гербу Астоя, адміністратар маёнтка графа Антонія Тызенгаўза. Адукацыю будучы паэт атрымаў у Навагрудку – у дамініканскай павятовай школе. Менавіта там ён завязаў сардэчнае сяброўства з Адамам Міцкевічам. Вучыўся ў Імператарскім Віленскім універсітэце — вучобу перапыніў, хутчэй за ўсё, з матэрыяльных прычын, пасля чаго стаў пісьменнікам ва ўпраўленні маёнткаў Радзівілаў.
У чэрвені 1819 года Ян Чaчот быў прыняты ў члены-карэспандэнты Віленскага таварыства філаматаў. Сярод філаматаў Чачот заваяваў усеагульную любоў. Яго вельмі любілі і цанілі калегі.
Спецыяльнасцю Чачота былі беларускія песні, створаныя на ўзор народных песень, а некаторыя з іх увайшлі ў пастаянны рэпертуар таварыскіх сходаў філаматаў. Ён таксама займаўся творчасцю вышэйшага ўзроўню. У архівах філаматаў захавалася некалькі яго твораў: анакрэонтыкі, думы, оды, «песні» у стылі Князьніна, Нямцэвіча, Піндара ці Асяна. Значная частка анакрэонтыкаў і кантаў страчана. Ён таксама напісаў каля 10 балад, з якіх захавалася нязначная частка. Некаторыя з іх тэматычна звязаны з творчасцю Міцкевіча (Свiцязь). Творчасць сябра Міцкевіч цаніў вельмі высока.
Арыштаваны 10 верасня 1823 г., нягледзячы на гарантыі Ваўжынца Путкамера, зняволены пры касцёле св. Казіміра, а потым у кляштары францысканцаў. Па працэсе фiларэтаў за «публікацыю шкодных намераў у вершах і прамовах» ён быў асуджаны на 6 месяцаў крэпасці і бестэрміновую ссылку ў глыб Расіі.
У якасці ўзнагароды за выдатную распрацоўку закона аб судаходстве па Бярэзінскай воднай сістэме яму было дазволена вярнуцца ў Літву. На працягу трох гадоў (1841–1843) пасля вяртання са ссылкі ён быў бібліятэкарам у графа Адама Храптовіча ў Шчорсах.
Пасля смерці графа пераехаў на Віцебшчыну, дзе пачаў збіраць беларускія народныя песні, якія пераклаў і выдаў там у 1837—1846 гадах пад назвай “Сялянскія песні”. У дадатковым шостым томе ён змясціў некаторыя арыгінальныя песні на беларускай мове (як ён яе называў: славянакрывіцкай) і паспрабаваў cтварыць граматыку гэтай мовы.
Памёр выдатны польскі і беларускі паэт у Друскеніках 1 жніўня 1847 года.
Пахаваны ў суседняй Ротніцы. Станіслаў Манюшка напісаў музыку да дваццаці яго песень, самая вядомая з якіх — «Праснічка».
Ён застанецца ў памяці як сябар Міцкевіча, філамат і збіральнік народных песень; Беларусы паважаюць яго як аднаго з захавальнікаў сваёй маладой паэзіі.
Крыніца: grodnowilno.pl/wikipedia.org