160 гадоў таму, 26 чэрвеня 1863 года, у Навагрудку на загад Міхаіла Мураўёва «Вешацела» расiйскімі карнікамі быў расстраляны польскі нацыянальны дзеяч, камандзір паўстанцкага атрада пад Навагрудкам Адам Пуслоўскі. Пахаваны ў вёсцы Сенна (цяпер Навагрудскi раён).
Адам Пуслоўскі гербу Шэліга нарадзіўся ў 1842 г. у маёнтку Сенна пад Навагрудкам. Быў сынам памешчыка Яна Пуслоўскага і Эвеліны Абуховіч.
Беларускі гісторык Дзмітрый Матвейчык распавядае, што перад выбухам паўстання Пуслоўскі вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, адкуль у верасні 1862 года выехаў у Кракаў, каб працягнуць навучанне ў Ягелонскім універсітэце.
У студзенi 1863 г. вярнуўся ў родавы маёнтак, актыўна дзейнічаў у польскіх нацыянальных арганізацыях. Пасля выбуху паўстання стаў камандзірам паўстанцкіх войскаў у ваколіцах Навагрудка. На Вялікдзень 1863 г. ён з групай паўстанцаў накіраваўся да Дзераўной, куды павінны былі даставіць ім зброю. На зваротным шляху трапіў у палон да рускiх. Яго трымалі ў Навагрудку.
Паводле звестак беларускіх гісторыкаў, 26 чэрвеня без прысуду яго прывязалі да слупа і расстралялі ў Навагрудку. Бацька таемна адкапаў яго цела і пахаваў у сутарэннях фарнага касцёла ў Навагрудку.
Па жаданні маці Эвеліны пасля яе смерці ў 1880 годзе ён быў пахаваны з ёй у супольнай магіле, якая знаходзіцца ў яго роднай вёсцы Сенна. На помнiку ёсць надпіс на беларускай мове, які паведамляе, што тут пахаваны сын Эвеліны — Адам Пуслоўскі.
Крыніца: wb24.org/wikipedia.org/Magazyn Polski