У панядзелак раніцай з Мінска ў Будслаў вырушыла чарговая пешая пілігрымка ў самы вялікі марыйны санктуарый у Беларусi. Сёлета спаўняецца 25 гадоў з дня каранацыі цудатворнага абразa Маці Божай Будслаўскай.
Пешую пілігрымку з Мінска вядуць ксяндзы хрыстусоўцы, якія нясуць служэнне ў сталічнай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ. Перад выхадам пілігрымы сабраліся на супольную малітву ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі. Цэлебрацыю святой Імшы для іх узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, разам з якім маліўся таксама Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Напачатку арцыпастыр адзначыў, што сённяшнія пілігрымы ХХІ стагоддзя працягваюць традыцыю, распачатую іх продкамі: «ісці да Маці Божай так, як Яна ў свой час першая вырушыла ў горную краіну, бо Яна ведала, адчувала, што Божы Сын — у Яе пад сэрцам, і Яна ідзе дзяліцца гэтай радасцю».
Іерарх дадаў, што цэлебруе Імшу ў інтэнцыі ўсіх пілігрымаў, святароў, арганізатараў і адказных, а таксама за ўсіх людзей, якіх яны сустрэнуць на дарозе.
«Няхай кожны, хто вас убачыць, падумае пра Божае Валадарства, каб ён захацеў таксама стаць хрысціянінам, а Маці Найсвяцейшая няхай дапаможа кожнаму з вас. Няхай Яна сама залечыць вашыя мазалі, няхай дапаможа пранесці праз усю пілігрымку вашыя інтэнцыі і няхай прывітае вас у Будславе», — завяршыў гамілію пажаданнем біскуп Юрый Касабуцкі.
Арцыбіскуп Станеўскі заахвоціў удзельнікаў пілігрымкі дадаць інтэнцыю за мір ва ўсім свеце, затым благаславіў пілігрымаў і акрапіў іх святой вадой.
Як паведаміў Catholic.by ксёндз Алег Шпець, усяго з Мінска ў Будслаў выйшлі больш за дзве сотні пілігрымаў.
Іх шлях працягнецца пяць дзён, за якія яны пераадолеюць 125 кіламетраў, каб 30 чэрвеня далучыцца да ўрачыстасцяў у Будслаў.
Крыніца: catholic.by
Fot. Catholic.by/Mikola Novikau