У пятніцу ў Тыкоціне на Падляшшы распачаўся фэст «Крэсы і Бяскрэсы». Гэта ўнікальная падзея, якая нагадвае нам пра агульную спадчыну народаў былой Рэчы Паспалiтай. На працягу тыдня запланавана некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў – канцэрты, выставы, кінапаказы і сустрэчы з артыстамі. 

Сёлетні фестываль прысвечаны Віленшчыне. Арганізатары запланавалі мерапрыемствы, якія апісваюць розныя перыяды супольнай гісторыі палякаў і літоўцаў, пачынаючы ад перадгісторыі гэтых зямель, праз Крэўскую унію, панаванне дынастыі Ягелонаў, перыяд ІІ Рэчы Паспалітай, акупацыю і сучаснасць Вільні і Віленскага краю.

Учора навукоўцы з Польшчы, Літвы і Вялікабрытаніі размаўлялі пра польска-літоўскую гісторыю і пра тое, што аб’ядноўвае абодва народы. 

«Вялікае Княства Літоўскае — адно з двух найважнейшых месцаў памяцi, на якіх літоўцы будуюць сваю ідэнтычнасць. У гэтай супольнай гісторыі мы шукаем не толькі асобнасці, але і цэласнасці гэтай гісторыі», – сказаў праф. Альвідас Нікжэнтайціс, гісторык.

У межах фэсту пачуем, між іншым: спевы польскіх і літоўскіх рыцараў пад Грунвальдам, музыку літоўскіх караімаў, можна будзе паглядзець фотаздымкi Яна Булгака – бацькi сучаснай польскай, літоўскай і беларускай фатаграфіі, прыгадаем Міцкевіча, Канвіцкага, Мілаша, адкрыем для сябе творы сучасных літоўскіх кінематаграфістаў пра гісторыю Вільні, падыскутуем пра жывучасць спадчыны польска-літоўскай уніі. Свой удзел у фестывалі пацвердзілі выдатныя артысты, напр. Яўстахі Рыльскі, Томаш Венцлова, Геркус Кунчус, Артурас Бумштэйнас, Ежы Гофман, Януш Маеўскі, Мая Камароўска, Марта Ліпіньска, Пётр Цырвус, Караліна Ціха з ансамблем, Ерыхон, Вершалінскі тэатр і многія-многія іншыя, а таксама выдатныя гісторыкі, якія адкрываюць нашу агульную спадчыну, – запрашае Якуб Мароз, стваральнік фестывалю.

«Крэсы і Бяскрэсы» у Тыкоціне працягнуцца да наступнай нядзелі. З праграмай фестывалю можна азнаёміцца ​​ТУТ.

Крыніца: bialystokonline.pl/bialystok.tvp.pl

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)