Польшча накіруе на польска-беларускую мяжу 500 паліцэйскіх у сувязі з перадыслакацыяй у Беларусь баевікоў ЧВК Вагнер. Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі.
«У сувязі з напружанай сітуацыяй на мяжы з Беларуссю я вырашыў узмацніць нашы сілы 500 польскімі паліцэйскімі з прэвентыўных і контртэрарыстычных падраздзяленняў», —напісаў Марыюш Каміньскі ў твітары.
Кіраўнік МУС адзначыў, што да паліцыі далучацца пяць тысяч памежнікаў і дзве тысячы вайскоўцаў, якія цяпер знаходзяцца на мяжы.
У сераду віцэ-прэм’ер Яраслаў Качыньскі заявіў пра неабходнасць узмацнення сіл на мяжы з Беларуссю, у т.л. з-за прысутнасці ў гэтай краіне групы Вагнера.
З пачатку 2023 года польская памежная служба зафіксавала больш за 12 тысяч спроб незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу.
Міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак не выключыў, што для правакацый на мяжы з Польшчай могуць быць выкарыстаныя найміты з ЧВК Вагнер, якія пяройдуць у Беларусь пасля спробы мяцяжу ў РФ.