413 гадоў таму адбылася адна з найвялікшых перамог у гісторыі народаў былой Рэчы Паспалiтай. Аб’яднаныя польска-літоўскія сілы атрымалі перамогу дзякуючы ваеннаму таленту гетмана Станіслава Жулкеўскага і адвазе гусараў. Гэты поспех адкрыў Рэчы Паспалітай шлях на Маскву, якая неўзабаве была захоплена.
Восенню 1609 г. пачалася аблога Смаленска, якая зацягнулася на доўгi час. Польска-лiтоўскае войска не мела адпаведнай артылерыі і пяхоты, каб паспрабаваць узяць горад агульным штурмам. Калі войскі Рэчы Паспалітай затрымаліся пад Смаленскам, цар Васіль Шуйскі вырашыў арганізаваць дапамогу на чале са сваім братам Дзімітрам. Даведаўшыся аб маскоўскіх падрыхтоўках, кароль Жыгімонт ІІІ не мог чакаць ворага ля сцен Смаленска, таму вырашыў паслаць частку свайго войска супраць Масквы. На чале войска стаў польны гетман Станіслаў Жулкеўскі.
Станіслаў Жулкеўскі (фота mdl.lt)
Польска-літоўскае войска было падзелена. Адна частка яшчэ трымала ў аблозе Смаленск, а другая на чале з самім гетманам рушыла на Маскву.
4 ліпеня 1610 года адбылася бітва пад Клушынам. Маскоўскія войскі налічвалі каля 35 000 жаўнераў, у тым ліку каля 5 000 замежных наймітаў. Імі камандаваў князь Дзмітрый Шуйскі. Для параўнання, войска Рэчы Паспалітай налічвала ў сваіх радах каля 6 тыс. жаўнераў.
Бітва пад Клушынам у бачанні Шымона Багушовіча (каля 1620 г.)
Нягледзячы на такую значную перавагу праціўніка, дзякуючы выдатным тактычным навыкам і непахіснай мужнасці польска-літоўскіх гусар бітва завяршылася разгромнай перамогай Рэчы Паспалітай.

Цары Шуйскія на Варшаўскім сейме, эскіз Яна Матэйкi (крыніца: wikimedia commons)
Перамога Жулкеўскага пад Клушынам выклікала хаос у Маскоўскай дзяржаве. Усё больш гарадоў здаваліся гетману. Урэшце польска-літоўскія войскі ўвайшлі ў Маскву. Сутыкнуўшыся з гэтай паразай, маскоўскія баяры скінулі з трона цара Васіля Шуйскага і абвясцілі царом польскага князя Уладзіслава.
На падст. muzhp.pl, wojsko-polskie.pl, wikipedia.org