У Ванкуверы завяршылася 30-я штогадовая сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ, на якой былі прыняты выніковая дэкларацыя і шэраг рэзалюцый па Беларусі. Асобная рэзалюцыя была прынятая наконт апаганення рэжымам польскіх могiлак. 

ПА АБСЕ падкрэслівае неабходнасць аховы польскіх магіл у Беларусі ад далейшага вандалізму, заяўляе, што наўмыснае знішчэнне культурных аб’ектаў можа быць прыраўнавана да расавай, рэлігійнай ці культурнай нянавісці. У сувязi з гэтым парламентарыi просяць неадкладна спыніць апаганенне магіл, аднавіць усе разбураныя аб’екты і правесці расследванні.

У прынятай сёння выніковай дэкларацыі АБСЕ асуджае расiйскае ўварванне ва Ўкраіну і «ганебную ролю Беларусі як суагрэсара» і адзначае, што Беларусь «усё больш набліжаецца да статуса актыўнага боку вайны».

У дэкларацыі адзначаецца “імперыялістычная і каланіяльная прырода” Расіі і заяўляецца, што яна праводзіць “мяккую анэксію” Беларусі.

Дакумент асуджае выкраданне ўкраінскіх дзяцей і патрабуе прыцягнуць да адказнасці расійскіх чыноўнікаў, замяшаных у гэтым, а таксама “тых прадстаўнікоў беларускага рэжыма, якія таксама ўцягнуты ў гэтыя практыкі”. 

ПА АБСЕ асуджае беларускія ўлады за падтрымку і дазвол будаўніцтва ваеннай базы ў Беларусі для ПВК “Вагнер” і заклікае краіны АБСЕ прызнаць “Вагнер” і групы, звязаныя з ім тэрарыстычнымi арганізацыямi. 

ПА АБСЕ патрабуе ад Беларусі неадкладна спыніць падтрымку расійскай ваеннай агрэсіі, спыніць рэпрэсіі ўнутры краіны, вызваліць усіх палітзняволеных, не прымяняць катаванняў і іншых форм жорсткага абыходжання, а таксама адмяніць смяротнае пакаранне.

Крыніца: osce.org

Fot. Wikimedia Commons

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)