У ноч з 6 на 7 ліпеня 1944 г. часці Віленскай і Навагрудскай Арміі Краёвай далучыліся да аперацыі «Вострая Брама». Аперацыя, праведзеная ў рамках плана «Бура», была спробай самастойнага вызвалення Вільні ў сiтуацыi наступлення Чырвонай Арміі.
План аперацыі быў распрацаваны ў сакавіку 1944 г. у штабе Арміі Краёвай у Вільні. Меркавалася заняцце горада аб’яднанымі сіламі Віленскай і Навагрудскай акруг АК. Аўтарам аперацыі быў камандуючы Віленскай акругай Арміі Краёвай падпалк. Аляксандр Кшыжаноўскі псеўданім «Воўк».
План прадугледжваў, што пасля пачатку акцыі немцы пакінуць Вільню, але па асабістым загадзе Гітлера горад быў заняты 17-тысячным гарнізонам і ператвораны ў г.зв. умацаваную зону.
Аперацыя «Вострая Брама» працягвалася з 7 па 13 ліпеня 1944 г. У непасрэдных баях за Вільню і ў знешніх атаках на камунікацыі і асобныя часткі вермахта ўдзельнічала больш за 12,5 тыс. польскіх падпольшчыкаў.
7 ліпеня ўвечары савецкія войскі пачалі штурм горада. Часткі падпольнага гарнізона Арміі Краёвай горада Вільні, якія з-за несвоечасовага паступлення пачалі атаку са спазненнем на некалькі гадзін, сваімі сіламі авалодалі правабярэжнай часткай горада і ў узаемадзеянні з савецкімі часцямі, наступалі на левабярэжную частку. 13 ліпеня была захоплена Вільня. У гэты дзень на Замкавай гары быў вывешаны польскі сцяг. Праз дзень рускiя яго замянілі на савецкі сцяг.
Нягледзячы на супрацоўніцтва частак Арміі Краёвай з Чырвонай Арміяй, саветы падманам арыштавалі камандзіра «Вaўкa» разам са шматлікімі афіцэрамі. Часткі Арміі Краёвай спрабавалі пазбегнуць вышуку, перабраўшыся ў бліжэйшы Рудніцкі лес. Аднак праз два дні іх акружылі. Саветы інтэрнавалі каля 6000 салдат. Большую частку інтэрнаваных вывезлі ў Калугу, дзе яны некалькі гадоў служылі ў працоўных батальёнах Чырвонай Арміі. Афіцэраў арыштавалі, судзілі і вывезлі ў Разань.
Аперацыя «Вострая Брама» мела характар лакальнага паўстання супраць немцаў, якое на месяц папярэднічала выбуху Варшаўскага паўстання. Захопам Вільні Армія Краёвая хацела дакументальна засведчыць Сталіну і ўсяму свету польскасць Паўночна-Усходніх Крэсаў. Ход аперацыі стаў першым важным сігналам таго, што ваеннае супрацоўніцтва з Саветамі было толькі інструментальным.
На падст. IPN, wikipedia.org, muzeum1939.pl