Галоўнай тэмай размовы кіраўніка царквы Маскоўскага Патрыярхату ў Беларусі мітрапаліта Веніяміна са спецыяльным пасланнікам Папы Клаўдыё Гуджэроцці, былым апостальскім нунцыем, стаў лёс грэка-каталікоў у Беларусі.
30 чэрвеня ў Мінскім епархіяльным упраўленні адбылася сустрэча мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна са спецыяльным пасланнікам Папы, прэфектам Дыкастэрыі па справах усходніх цэркваў архібіскупам Клаўдыа Гуджэроці, а таксама сённяшнім апостальскім нунцыем у Беларусі архібіскупам Антэ Ёзічам. Беларуская праваслаўная царква (БПЦ), падпарадкаваная Маскве, з гэтай нагоды выпусціла спецыяльны камунікат.
Як паведамлялася у камунiкаце, асаблівая ўвага была нададзена рашэнню Папы Рымскага ад 30 сакавіка 2023 г. аб заснаванні ў Беларусі Апостальскай адміністратуры для вернікаў візантыйскага абраду.
«Прынятае ў дачыненні да беларускіх грэка-каталікоў рашэнне выклікала здзіўленне ў праваслаўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь, паколькі гэта рашэнне не спрыяе сцвярджэнню міру на беларускай зямлі і, наадварот, можа ўнесці напружанасць у міжрэлігійныя адносіны ў Беларусі. Пра гэта БПЦ афіцыйна апавясціла прадстаўнікоў Рымска-Каталіцкай Царквы», — гаворыцца ў камунікаце.
БПЦ сцвярджае, што падчас сустрэчы арцыібіскуп Клаўдыё Гуджэроці прызнаў, што сучасныя беларускія суполкі грэка-каталікоў былі ўтвораныя на тэрыторыі нашай краіны ў пачатку 1990-х гадоў і яны не з’яўляюцца пераемнікамі ўніяцкай царквы, якая з’явілася ў Беларусі ў выніку Берасцейскай уніі 1596 года. БПЦ таксама адзначае, што «беларускія грэка-каталіцкія грамады практычна не маюць патэнцыялу развіцця ў Рэспубліцы Беларусь».
БПЦ пры нагодзе таксама нагадвае, што апостальскі адміністратар беларускіх грэка-католікаў айцец Сяргей Гаек па нацыянальнасці паляк, быў ахрышчаны першапачаткова ў лацінскім абрадзе і належыць да манаскага ордэна марыян.
БПЦ заявіла, што Клаўдыё Гуджэроці запэўніў мітрапаліта Веніяміна, што ў планах Ватыкана не стаіць пытанне пасвячэння ў біскупскі сан цяперашняга апостальскага адміністратара або яго пераемніка.
Таксама падчас сустрэчы была дасягнута дамоўленасць аб тым, што высвячаць новых святароў (святароў або дыяканаў) для беларускіх суполак грэка-каталікоў у будучыні будуць біскупы лацінскага абраду беларускіх епархій (дыяцэзаў) Рымска-каталіцкай царквы альбо апостальскі нунцый.
Крыніца: nashaniva.com
Fot. Radio Svaboda