У ноч з 10 на 11 ліпеня на 57-м годзе жыцця памёр палітвязень Алесь Пушкін. Ён быў вядомым мастаком і дзеячам беларускай апазіцыі.
«Сёння ноччу ў рэанімацыі пры нявысветленых абставінах памёр Алесь Пушкін», — паведаміла ў Фэйсбуку яго жонка Яніна.
Упершыню мастака затрымалі 30 сакавіка 2021 года нібыта за рэабілітацыю нацызму: на выставе ў Гродне з’явіўся партрэт беларускага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара. Больш за тое, на момант завядзення справы артыст знаходзіўся ў Кіеве, але ўсё ж вярнуўся ў Беларусь. Праз пяць дзён яго затрымалі ў Жылічах, дзе ён працаваў на рэстаўраўцыі палаца.
Пушкіна абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 КК (рэабілітацыя нацызму), а таксама паводле арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў).
25 сакавіка 2022 года Алесь падчас судовага працэсу парэзаў сабе жывот на знак пратэсту. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар.
30 сакавіка 2022 года Алеся Пушкіна асудзілі да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.
«У Варшаве каля беларускага бара «Карма» на алеі 3 Мая (Aleja 3 Maja), 15 сёння зробяць жалобны мурал. Усе ахвотныя змогуць ушанаваць памяць мастака», — напісаў у сябе ў тэлеграме Ян Рудзік.
У сацыяльных сетках беларусаў Вільні і Варшавы распаўсюджваецца інфармацыя, што людзі нясуць свечкі да беларускіх пасольстваў у Літве і Польшчы.
А беларускі праваслаўны прыход у Вільні, які належыць да Канстанцінопальскага патрыярхата, абвясціў, што заўтра а 18-й гадзіне адслужыць «паніхіду па забітым Алесю Пушкіне ў нашай беларускай царкве на вуліцы Бакшта (Bokšto), 4».
«У турэмным зняволенні быў забіты верны сын нашае Беларусі, наш брат у Хрысце — Алесь Пушкін! Вялікая страта і невыказны боль за яго і за ўсіх, каго катуюць і павольна забіваюць у беларускіх турмах!» — піша тэлеграм-канал праваслаўнага прыхода ў Вільні.
Крыніца: nashaniva.com
Fot. Svaboda.org