Падчас сённяшняга паседжання Сeйм Польшчы аднагалосна прыняў пастанову аб ушанаванні памяці ахвяр валынскага злачынства ў 80-ю гадавіну генацыду, учыненага ўкраінскімі нацыяналістамі супраць палякаў. «Неабходна правесці эксгумацыю, ушанаваць годнасць і памяць усіх ахвяр генацыду на Усходніх Крэсах», — гаворыцца ў рэзалюцыі. 

У дакуменце падкрэсліваецца, што мэта генацыду — прывесці да «знішчэння палякаў на Паўднёва-Усходніх Крэсах, частцы Палесся, Любельшчыны і Падкарпацця».

Аўтары рэзалюцыi нагадваюць, што пачатак этнiчным чысткам паклала атака на Парослю Галоўную 9 лютага 1943 года. «Падчас нападаў атрадаў АУН і УПА, падтрыманых часткай мясцовай украінскай грамады, было забіта больш за 100 000 палякаў – часта вельмі жорстка (…) Украінскія шавіністы таксама забівалі прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей і сваіх суайчыннікаў. Сейм Рэспублікі Польшча жадае ўшанаваць памяць усіх ахвяр Валынскай разні», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

У рэзалюцыі таксама ўзгадваецца расiйская агрэсія супраць Украіны. «Калі ўкраінскі народ сам перажывае злачынствы захопнікаў, становіцца асабліва відавочным і своечасовым, што гвалт і насілле не з’яўляюцца мэтазгоднымі спосабамі фарміравання адносін паміж суседзямі», – адзначаецца ў рэзалюцыі.

Сейм падзякаваў крэсавякам, іх нашчадкам і людзям добрай волі, якія гадамі дамагаліся праўды ў адпаведнасці з дэвізам «Не да помсты, але да памяці заклікаюць ахвяры». «У 80-ю гадавіну Валынскай разні, у дзень памяці ахвяр  ўкраінскага генацыду, Сейм Рэспублікі Польшча аддае даніну памяці загінулым падчас гэтага жорсткага злачынства», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)