Сёння ў Гібах (Падляскае ваяводзтва) перад поўднем пачаліся ўрачыстасцi з нагоды 78-й гадавіны Аўгустоўскай аблавы. Гэтая падзея лічыцца найбуйнейшым савецкім злачынствам супраць палякаў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Яе яшчэ называюць «малой Катынню».

Удзельнікі цырымоніі, у тым ліку сем’і загінулых, прадстаўнікі мясцовай улады і палітыкі, традыцыйна ўскладаюць кветкі да крыжа памяці ахвяр ў Гібах, дзе некалі размяшчаўся фільтрацыйны лагер НКУС. 

12 ліпеня – згодна з актам, прынятым Сеймам Рэспублікі Польшча – мы адзначаем Дзень памяці ахвяр Аўгустоўскай аблавы.

У ліпені 1945 г. часці Чырвонай Арміі пры дапамозе Народнага Войска Польскага, афіцэраў і супрацоўнікаў Упраўлення бяспекі правялі ў Аўгустоўскай пушчы і ваколіцах буйнамаштабную пацыфікацыйную акцыю, вядомую як Аўгустоўская аблава. З савецкага боку ў аперацыі ўдзельнічалі часці 50-й арміі 3-га Беларускага фронту, унутраных войск НКУС і афіцэры ваеннай контрразведкі «Смерш». Супрацоўнікі Упраўлення бяспекі, Грамадзянскай міліцыі і мясцовыя інфарматары падтрымлівалі дзейнасць Саветаў у якасці праваднікоў і перакладчыкаў, а таксама дапамагалі на допытах.

Савецкія войскі абшуквалі лясы і вёскі, арыштоўваючы падазраваных у сувязях з польскімі партызанамі. Мы дакладна не ведаем ні даты пачатку, ні заканчэння аперацыі – звычайна яна прыпадае на 12-28 ліпеня. Усяго было затрымана некалькі тысяч чалавек, некаторыя з іх былi зняволены і падвергнуты жорсткім допытам. Прыбл. 600 чалавек так і не вярнуліся дадому, іх лёс невядомы дагэтуль. Хутчэй за ўсё, усе яны былі пазбаўлены жыцця на падставе аднаго рашэння і павінны лічыцца ахвярамі Аўгустоўскай аблавы.

Арыштаваных савецкімі акупантамі палякаў везлі ў бок Беларусі і расстрэльвалі. Некаторыя польскія гісторыкі ў якасці магчымага месца расстрэлу называюць вёскі Калеты і Навумавічы каля Гродна. Пэўна, што яны былі забітыя з дазволу вышэйшага савецкага палітычнага начальства. На працягу многіх гадоў польскі бок прыкладаў намаганні для высвятлення лёсу зніклых без вестак людзей.

Крыніца: IPN, Facebook.com/Związek-Pamięci-Ofiar-Obławy-Augustowskiej-1945-Roku

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)