Ля амбасады Беларусі ў Варшаве прайшла акцыя ўшанавання яшчэ адной трагічнай ахвяры рэжыму Лукашэнкі — выбітнага беларускага мастака Алеся Пушкіна. Палітвязень памёр у рэанімацыі «пры загадкавых абставінах» ва ўзросце 57 гадоў. Ініцыятарам акцыі выступіў апазіцыйны Рух салідарнасці «Разам».
Гаворыць адзін з удзельнікаў акцыі, актывіст дэмакратычнай апазiцыі ў эміграцыі Сяргей Герасімовіч:
“Я памятаю Пушкiна, калi ў жніўні 2020 года ён прыходзiў да Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці, амаль кожны раз гэта быў цалкам здаровы, упэўнены ў сабе мужчына. Тое, што з ім цяпер зрабілі, фактычна забілі, — гэта проста жах. Але, нягледзячы на гэта, мы павінны дзейнічаць з яшчэ большай сілай, бо падобны лёс можа напаткаць кожнага беларускамоўнага прадстаўніка нашай культуры”.
Паводле беларускага апазiцыянeра, асабліва жорстка ўлада абыходзіцца з беларускамоўнымі грамадзянамі. “Мы маем у гэты момант дачыненне з сапраўдным этнацыдам. Самае дзіўнае ў гэтым усiм, што этнацыд робяць людзі, якія быццам бы таксама лічаць сябе беларусамі. Беларуская мова з самага пачатку жнівеньскіх падзей нервавала тых, хто на баку Лукашэнкі. Мы ведаем, што іх памячалі жоўтай фарбай. Тое ж самае было з Вітольдам Ашуркам. Таксама ў яго выпадку сілавікоў раздражняла беларуская мова. Усіх хто размаўляе па-беларуску, тых кідаюць у адзіночную камеру альбо вельмі моцна збіваюць. Я думаю што беларускамоўнасць гэта амаль 50-адсоткавая мажлівасць таго, што цябе заб’юць, таму многія беларусы былі вымушаныя ратаваць сваё жыццё за мяжой”.
Мерапрыемства ў Варшаве падтрымалі сваёй прысутнасцю беларускія палітыкі, у тым ліку Павел Латушка, Аліна Коўшык, Зянон Пазняк і Вячаслаў Сіўчык. Польскую меншасць у Беларусі прадстаўляў старшыня фундацыі «Маладыя Крэсы» Міраслаў Капцэвіч. Да акцыі таксама далучыліся сваякі і сябры зняволенага мастака.