80 гадоў таму, 13 ліпеня 1943 года, у вёсцы Навумавічы Гродзенскага раёна разам з іншымі жыхарамі Гродна і Ліпска была расстраляна нямецкімі карнікамі благаслаўлёная Марыяна Бярнацкая. Польская пакутніца аддала жыццё за блізкага ёй чалавека. Такім чынам яна выратавала нявестку і дзіця, якое чакала нараджэння. Яна зрабіла гэта з любові да іншага чалавека.

Марыяна, у дзявоцтве Чакала, нарадзілася ў 1888 годзе ў Ліпску над Бебжай ва ўніяцкай сям’і. Верагодна, яна скончыла толькі пачатковую школу; аднак да канца жыцця засталася непісьменнай. Ва ўзросце 16 гадоў у 1905 годзе выйшла замуж за Людвіка Бярнацкага. У пары было шасцёра дзяцей, але чацвёра з іх памерлі ў дзяцінстве.

Бярнацкія ўтрымлівалі сям’ю працай у гаспадарцы. Пасля смерці мужа ў 1925 годзе Марыяна з сынам засталіся на хутары — дачка Леакадзія ў тым жа годзе выйшла замуж і пакінула родны дом. У 1939 годзе сын Марыяны, Станіслаў, ажаніўся з Ганнай Шыманчык. Нявестка жыла ў супольным доме і з гэтага часу Марыяна дзяліла будні з маладой сямейнай парай.

У пачатку ліпеня 1943 г. у ваколіцах Лiпска немцы ў адплату за забойства партызанскімі атрадамі нямецкага паліцая пачалі масавыя арышты сярод мясцовага насельніцтва. Узброены нямецкі патруль з’явіўся 1 ліпеня на досвітку на хутары Бярнацкіх. Камандзір загадаў Ганне і Станіславу неадкладна пакінуць дом. Тады Марыяна ўпала ў ногі камандзіра гестапа і прасіла ў яго дазволу пайсці замест яе нявесткі, якая была на тэрміне цяжарнасці. Немец саступіў і замест Ганны праводзіў Марыяну і Станіслава ў гродзенскую турму. Там Марыяну пратрымалі менш за два тыдні, якія яна правяла ў малітве, спяваючы Гадзінкi. 13 ліпеня 1943 года разам з сынам і 48 жыхарамі Ліпска была расстраляна немцамі ў фартах каля вёскі Навумавічы пад Гродна. Усе яны былі пахаваны ў невядомым месцы. Нявестка перажыла смерць свякрухі і нарадзіла сына Станіслава, які, на жаль, менш чым праз год памёр ад запалення лёгкіх.

Яе адрознівалі сціпласць, прастата сэрца. Яе гераічны ўчынак асабліва адзначаецца мясцовым насельніцтвам. Ахвяру Марыяны Бярнацкай вернікі параўноўваюць з мучаніцкай смерцю айца Максіміліяна Кольбэ.

Яна была благаслаўлёна разам з іншымі мучанікамі Другой сусветнай вайны 13 чэрвеня 1999 г. святым папам Янам Паўлам ІІ.

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)