У пятніцу, 14 ліпеня, у Беластоку — пры ўдзеле Святланы Ціханоўскай і гарадскіх уладаў — адбылося ўрачыстае адкрыццё шыльды з назвай сквера Вольнай Беларусі, якi нядаўна з’явiўcя каля Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь. «Гэты сквер — сымбалічны жэст падтрымкі беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю», — сказала лідарка вольнай Беларусі.
Святлана Ціханоўская прыйшла на ўрачыстае адкрыццё Сквера Вольнай Беларусі з партрэтам свайго зняволенага мужа Сяргея Ціханоўскага.
Падчас цырымоніі Святлана Ціханоўская была названая прэзiдэнтам вольнай Беларусі. Разам з Ціханоўскай на цырымонію прыбылі і члены Аб’яднанага пераходнага кабінета. Сярод іх быў і Павел Латушка, які ў пачатку сваёй дыпламатычнай кар’еры быў, дарэчы, кіраўніком беларускай дыпламатычнай місіі ў Беластоку.
У сваім выступе Святлана Ціханоўская падзякавала беластоцкім уладам за такое рашэнне. Гэта праява салідарнасці з Беларуссю, сказала Ціханоўская. Лідарка адзначыла, што прыйдзе час, калі беларусы Падляшша будуць жыць разам, калі Беларусь уступіць у Еўрасаюз.
Улады Беластока спачатку хацелі змяніць назву адной з вуліц у гонар Вольнай Беларусі. Аднак супраць змены назвы выступілі самі жыхары вуліцы. Бітва працягвалася амаль год. У выніку гарадскія ўлады далі назву скверу побач з беларускім консульствам. Гэты сквер найменшы ў Беластоку. Ён займае плошчу ў дзесяць метраў.
Крыніца: nashaniva.com
Fot. nashaniva.com