ЗША гатовыя абараняць Польшчу, а словы Аляксандра Лукашэнкі пра «паход Вагнера ў Варшаву і Жэшаў» — безадказныя. Так пракаментаваў пагрозы беларускага дыктатара прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілер.
“Я скажу, што гэта яшчэ адзін з сэрыі безадказных каментарыяў Лукашэнкі. Як я ўжо казаў з іншай нагоды раней на гэтым брыфінгу, Злучаныя Штаты будуць абараняць кожны дзюйм тэрыторыі НАТА», – сказаў ён.
У нядзелю Аляксандр Лукашэнка на перамовах з Уладзімірам Пуціным заявіў, што ПВК «Вагнер» пачала «напружваць» яго, бо хоча схадзіць «на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў», але ён «трымае іх у цэнтры».
«Я б сказаў, што ёсць толькі адна краіна ў рэгіёне, якая прадэманстравала не толькі намер, але і гатоўнасць уварвацца да сваіх суседзяў, і гэта Расія, а не Польшча і ні якая іншая краіна ў рэгіёне. Дык вось, я хацеў бы проста паўтарыць, што наш саюз з Польшчай моцны. Польшча, вядома, член НАТА, і мы будзем абараняць, калі спатрэбіцца, кожны сантыметр тэрыторыі НАТА», – дадаў Мілер.