Літва лічыць, што пасля зацвярджэння Еўрасаюзам новых санкцый супраць Беларусі іх неабходна ўзмацніць. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.
На думку кіраўніка літоўскай дыпламатыі, санкцыі супраць Беларусі павінны былі быць прынятыя даўно. Ён заклікаў ЕС не спыняцца на дасягнутым.
«Пасля гадавога перапынку былі зацверджаны новыя санкцыі супраць Беларусі — адбылося тое, што даўно павінна было адбыцца. Беларусь падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне, сітуацыя з правамі чалавека працягвае пагаршацца, а тэрыторыю Беларусі выкарыстоўваюць для абыходу санкцый супраць Расіі», — адзначыў Ландсбергіс.
Ён пацвердзіў, што новы пакет уводзіць новыя абмежаванні на тавары падвойнага прызначэння, авіяцыйныя запчасткі. З ягоных слоў, гэта дапаможа прадухіліць «з’яўленне такіх тавараў на полі бою», а таксама змагацца з абыходам санкцый супраць Расіі праз Беларусь.
«Аднак мы не можам сядзець склаўшы рукі — апошняя частка санкцыйнага пакета павінна быць прынятая неадкладна. Спадзяюся, нам не прыйдзецца чакаць гэтага гэтак жа доўга», — падкрэсліў Ландсбергіс.
Напярэдадні стала вядома, што амбасадары ЕС узгаднілі ўвядзенне новых санкцый супраць Беларусі за яе сувязь з расійскай захопніцкай вайной.
Крыніца: nashaniva.com/lrt.lt