У Пінску, які часта называюць «сталіцай Палесся», у міжваенны час праводзіліся знакамітыя штогадовыя Палескія кірмашы, для іх патрэб нават будаваліся спецыяльныя павільёны. Набыць можна было ўсё, што было звязана з Палессем: кераміку, канты, вышываныя кашулі і абрусы, доўгія рыбацкія боты і палескія лапці, плеценыя вырабы і фанеру, якая ў той час заваёўвала сусветныя рынкі, і перш за ўсё рыбу і дзічыну.

Так апісвала гэтую прыгожую даваенную традыцыю палешукоў вядомая рэпарцёрка і пісьменніца Малгажата Шэйнэрт.

У апошнія гады перад Другой сусветнай вайной тут (на рацэ Піна) ладзіліся знакамітыя Палескія кірмашы. У прырэчных ларках і павільёнах прадаваліся прамысловыя і рамесныя тавары, а чаўны палешукоў з рыбай і рознымі сельскімі таварамі стаялі на вадзе дзень і ноч.

Ліхтман выстаўляў буйнагабарытную мэблю, Таварыства L. і Аляксандр Лур’е — клееную альховую фанеру, Глоўберман Шлома — вырабы з алебастру, Нерхейм — вырабы з металу, Айзенберг — гадзіннікі, Экстайн Мерка — футра ўсіх відаў, Міна Голдман Курчман — парыжскія мадэлі гарсэтаў для жанчын, хрысціянская кампанія Рабцэвіча Марыяна – труны і байдаркі. Кааператары заахвочвалі наведаць свае шапікі. Прыязджалі прадпрымальнікі здалёк. Цэгельскі з Познані рэкламаваў малатарні, Каладзейскі з Варшавы – лодачныя маторы, а Шуршміт і Кох з Беластока – аўтамабілі Chevrolet, Opel і Buick. Дамы ў капелюшах таргаваліся з палешучкамі ў белых фартухах. У праграме Пінскага кірмашу 1936 г. было абвешчана, што 28 жніўня адбудзецца выстава буйной рагатай жывёлы, авечак і свіней, 29 жніўня — парад Пінскай рачной флатыліі, спаборніцтвы па веславанні, рэгаты, катанне на дошцы, паказальныя скачкі ў ваду, а таксама выступленне матроскага аркестра, а наступнай раніцай кірмаш вернецца да працы – на гэты раз гэта будзе выcтава валоў у камерцыйных мэтах.

M. Szejnart, Usypać góry. Historie z Polesia, Kraków 2015, s. 172

Фатаграфіі паходзяць з Нацыянальнага цыфравога архіва (nac.gov.pl) і штоквартальнікa “Эха Палесся”

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)