Магчымасць закрыцця мяжы існуе. Пытанне ў тым, наколькі далёка пойдзе беларускі рэжым, безумоўна, у згодзе з расiйскім. Якія паўнамоцтвы атрымае Вагнер. Пра гэта сёння заявiў віцэ-міністр унутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус.
«У выпадку сур’ёзных правакацый на мяжы з Беларуссю Літва, Польшча і Латвія могуць прыняць сумеснае рашэнне аб закрыцці мяжы», – заявіў Delfi.lt намеснік міністра ўнутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус.
«Абмеркаванні рэальныя», — заявіў у пятніцу журналістам Абрамавічус, каментуючы ўчорашнюю заяву міністра ўнутраных спраў Польшчы Марыюша Камінскага. На гэтым тыдні на пытанне аб тым, ці разглядаецца рашэнне пра закрыццё пунктаў пропуску з Беларуссю, кіраўнік МУС Польшчы адказаў, што такая магчымасць будзе ўзгодненая з Літвой і Латвіяй.
На ўсходняй мяжы NATO Польшча сутыкаецца з даволі вялікім наплывам нелегальных мігрантаў, арганізаваным беларускім рэжымам. Выклікае трывогу і перакідка байцоў расійскай ПВК «Вагнер» у Беларусь.
«Што тычыцца заяваў Лукашэнкі пра тое, што яны «прагуляюцца» ў Польшчу, маўляў, яны прагуляюцца са зброяй, запалохаюць усіх і вернуцца… Гэтым Польшчу не напалохаеш. Як ваенная сіла, яны не ўяўляюць сур’ёзнай пагрозы для Рэспублікі Польшча», — разважае віцэ-міністр. З іншага боку, працягнуў ён, нельга выключаць верагоднасць розных правакацый на мяжы з Беларуссю.
«Гэта могуць быць нейкія групоўкі, якія перакідваюцца ў выглядзе ўцекачоў або нелегальных мігрантаў, з мэтай выклікаць нейкія кропкавыя беспарадкі. У такім выпадку дзяржавы, якія ўжо знаходзяцца пад ціскам нелегальнай міграцыі, запусцяць гэтую магчымасць супрацоўніцтва», — растлумачыў А. Абрамавічус, адзначыўшы, што ў гэтым плане існуе магчымасць закрыцця мяжы.
Крыніца: nashaniva.com/lrt.lt