Падчас усебеларускага марафона салідарнасці з палітвязнямі, які сёлета прайшоў пад лозунгам «Нам не ўсё адно!», для палітвязняў і іх сем’яў было сабрана 574 617 еўра.
У 12-гадзінным марафоне ўзялі ўдзел больш за 20 СМІ, у тым ліку беларускае Радыё Свабода, Белсат, Еўрарадыё, Зеркало, Mediazona, Наша Ніва, Nexta, Reform.by і іншыя. Да трансляцыі таксама далучыліся блогеры, палітыкі, актывісты, дзеячы культуры і спорту.
Празрыстасць размеркавання ахвяраванняў, сабраных на адзіны рахунак, будзе кантраляваць спецыяльна створаная Назіральная рада, у якую ўвойдуць арганізатары марафона. Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская паведаміла, што Назіральная рада размяркуе сродкі паміж 13 ініцыятывамі і фондамі.
На працягу двух тыдняў арганізацыі, якія атрымалі сродкі, павінны будуць адправіць іх на дапамогу палітвязням і іх сем’ям, а ў лістападзе будзе гатовая справаздача аб размеркаванні сродкаў.
“Гэты марафон яшчэ раз усяліў веру ў тое, што мы, беларусы, здольныя аб’ядноўвацца. Мы можам дапамагаць адзін аднаму, дзе б мы ні знаходзіліся. Разам мы яшчэ раз паказалі ўсяму свету, што нам не ўсё роўна на тых, хто зараз знаходзіцца ў закладніках у рэжыма”, – адзначыла Святлана Ціханоўская.
Крыніца: radio svoboda