Дэпутаты польскага Сейма абралі патронаў 2024 года. Сярод іх ёсць таксама нашы землякі Рамуальд Траўгут і Мельхіёр Ваньковіч.

Згодна з пастановамі, прынятымі польскім Сеймам, 2024 год будзе годам: Марэка Гласко, арцыбіскупа Антонія Бараняка, Рамуальда Траўгута, Вінцэнта Вітаса, Казімежа Вежыньскага, Мельхіёра Ваньковіча, сям’і Ульмаў, Зыгмунта Мілкоўскага і польскіх алімпійцаў.

У наступным годзе спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння выдатнага польскага пісьменніка і сцэнарыста Марэка Гласко, які дэбютаваў у 1954 годзе апавяданнем «База Сакалоўская». Герояў сваіх твораў Гласко ператварыў у рамантычных бунтароў, расчараваных у рэчаіснасці 50-х гадоў, якія мараць аб лепшай будучыні.

У 2024 годзе таксама спаўняецца 80 гадоў з дня забойства нямецкімі катамі сям’і Ульмаў, якія хавалі яўрэяў. «Сям’я Ульмаў належыць да вялікай групы гераічных палякаў, якія падчас Другой сусветнай вайны ратавалі яўрэяў, асуджаных на смерць немцамі», — падкрэсліў Сейм у пастанове.

Наступны год таксама будзе названы ў гонар польскіх алімпійцаў. Нагодай для гэтага стане 100-годдзе заваявання нашымі спартоўцамі першых алімпійскіх медалёў.

Варта адзначыць, што сярод патронаў 2024 года ёсць нашы выдатныя землякі Рамуальд Траўгут і Мельхіёр Ваньковіч.

Рамуальд Траўгут — дыктатар Паўстання 1863 года, вялікі патрыёт, які аддаў жыццё, змагаючыся за аднаўленне незалежнасці Польшчы, напісалі дэпутаты ў рэзалюцыі, прынятай Сеймам. Пасля выбуху паўстання гэты былы жаўнер расійскай арміі ўзначаліў адзін з паўстанцкіх атрадаў і вызначыўся некалькімі пераможнымі сутычкамі з расійскімі войскамі. З рук Нацыянальнага ўрада ён атрымаў званне генерала і функцыю ваеннага камісара для Галіцыі, а таксама загад выканаць дыпламатычную місію ў Францыі, дзе ён дамагаўся ўмяшання заходніх краін. 17 кастрычніка ён прыняў на сябе функцыі дыктатара Паўстання. «Асаблівую ўвагу ў сваёй дзейнасці Рамуальд Траўгут надаваў фінансам, арміі і сялянскай справе», — падкрэслілі дэпутаты. Арыштаваны рускімі ў красавіку 1864 г., 5 жніўня таго ж года ён быў павешаны на схілах Варшаўскай цытадэлі разам з сябрамі і супрацоўнікамі Нацыянальнага ўраду.

Мельхіёр Ваньковіч – рэпарцёр і пісьменнік – быў адным з найвялікшых польскіх журналістаў у гісторыі. Называны бацькам рэпартажу, ён бліскуча выканаў тое, што складае журналісцкую місію: дакладна апісваючы рэчаіснасць, ён служыў грамадству», — адзначаецца ў прынятай пастанове Сейма. «Пішучы «Штафету», «Гісторыю роду Каржанёўскіх», «Вестэрплатэ» ці «Бітва пад Монтэ-Касіна», ён усведамляў, што робіць гэта як для сучаснікаў, так і для нашчадкаў», — дадалі дэпутаты. У міжваенны час Ваньковіч заснаваў і кіраваў выдавецтвам «Rój», працаваў між іншым у газетах «Kurier Warszawski», «Wiadomości Literackie» і «Kurier Poranny». «Самы вялікі помнік гераізму польскіх жаўнераў быў пастаўлены Ваньковічам у трохтомным творы «Бітва пад Монтэ-Касіна»», — падкрэслілі дэпутаты. Вярнуўся ў Польшчу ў 1957 годзе на хвалі «адлігі». Падпісанне «Ліста 34» у знак пратэсту супраць культурнай палітыкі ПНР зрабіла яго ахвярай палявання на ведзьмаў, за што ён быў асуджаны на тры гады турмы. Ён правёў пад вартай пяць тыдняў — з-за ўсеагульнага абурэння гэтым вердыктам, камуністычныя ўлады былі вымушаныя прыпыніць выкананне прысуду. «У 50-ю гадавіну яго смерці Сейм Рэспублікі Польшча абвяшчае 2024 год Годам Мельхіёра Ваньковіча — дзёрзкага, мужнага, праніклівага журналіста, пісьменніка і рэпарцёра, узору і сімвала польскай журналістыкі», — пішуць дэпутаты.

2024 год таксама пройдзе пад патранажам такіх выбітных постацяў, як: арцыбіскуп Антоні Бараняк (120-годдзе з дня нараджэння), выбітны польскі пісьменнік і паэт Казімеж Вежыньскі (130-годдзе з дня нараджэння), тройчы прэм’ер-міністр Польшчы Вінцэнты Вітас (150-годдзе з дня нараджэння) і адзін з самых плённых польскіх пісьменнікаў Зыгмунт Мілкоўскі (200-годдзе з дня нараджэння).

На падст. sejm.gov.pl

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)