Сёння спаўняецца 80 гадоў з дня смерці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак з Навагрудка. 1 жніўня 1943 г. сястра Марыя Стэла Мардасевіч і яе 10 паплечніц прынялі мучаніцкую смерць ад рук нямецкіх катаў.
У адказ на дзеянні партызанскіх атрадаў на Навагрудчыне з ліпеня 1942 г. адбыліся шматлікія арышты і расстрэлы польскага насельніцтва. Большая частка даваеннай інтэлігенцыі і мясцовых святароў загінула. Апошняя хваля арыштаў адбылася ў ноч з 17 на 18 ліпеня 1943 г., калі гестапаўцы затрымалі з намерам расстраляць каля 120 чалавек – бацькоў і членаў польскiх сем’яў з Навагрудчыны. Выконваючы абавязкі настаяцельніцы манаскага дома Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (Сёстры Назарэтанкі) – сястра Марыя Стэла ад імя ўсёй супольнасці дома з 12 чалавек склала ахвяру Богу ў абмен на выратаванне жыцця арыштаваных. Праз некалькі дзён, перад абліччам чарговай пагрозы — намеру акупантаў арыштаваць і расстраляць адзінага святара ў ваколіцах Навагрудка, яна па згодзе з сёстрамі пашырыла ахвяру на кс. Аляксандра Зянкевіча — капелана сясцёр і пробашча парафіяльнага касцёла св. Перамянення Езуса ў Навагрудку. Арыштаваным сем’ям смяротнае пакаранне змянілі на прымусовыя работы ў Германіі, а пасля заканчэння вайны усе яны вярнуліся да сваіх сем’яў. Айцец Аляксандр Зянкевіч пазбег арышту, пасля вайны працаваў рэктарам духоўнай семінарыі ва Ўроцлаве і быў арганізатарам студэнцкага душпастырства.
31 ліпеня 1943 г. сястра Марыя Стэла з супольнасцю атрымала загад з’явіцца ўвечары ў штаб гестапа. Адзінаццаць сясцёр пайшлі ў паліцэйскі пастарунак, а дванаццатая сястра, с.Малгажата Банась (з 2021 г. мае тытул Шаноўнай Слугі Божай), па распараджэнні с. Стэлы засталася ў кляштары ахоўваць касцёл і даглядаць святара. Пасля нядоўгага допыту і спробы вечарам вывезці іх на пакаранне за горад сёстры начавалі ў cядзiбе гестапа. Раніцай 1 жніўня іх зноў перавезлі і расстралялі над падрыхтаванай магілай у лесе за Навагрудкам.
Гэта былі:
С. Стэла – Адэля Мардасевіч, 55 гадоў, з Піншчыны;
С. Імэльда – Ядвіга Жак, 51 год, з Асвенцыма;
С. Раймунда — Ганна Кукаловіч, 51 год, з Віленшчыны;
С. Даніэла – Элеанора Юзвік, 48 г. з Падляшша;
С. Канута – Юзэфа Хробат, 47 гадоў, з ваколіц Вялюня;
С. Сергiя – Юлія Рапей, 43 гады, з ваколіц Гродна.
С. Гвідона – Гэлена Церпка, 43 гады, з Познані;
С.Феліцыта — Паўліна Баравік, 37 г., з Падляшша;
С. Геліадора – Леакадзія Матушэўская, 37 гадоў, з Памор’я;
С. Канізiя – Яўгенія Мацкевіч, 39 гадоў, з Сувалкаў
С. Барамея – Вераніка Нармантовіч, 27 гадоў, з ваколіц Гродна.
Працэс беатыфікацыі польскіх манахiнь з Навагрудка пачаўся ў 1991 годзе. 5 сакавіка 2000 г. у Рыме Папа Ян Павел ІІ абвясціў іх благаслаўлёнымі.
Крыніца: nazaretanki.org