Падчас учорашняга наведвання Камянецкага раёна Аляксандр Лукашэнка закрануў праблему ўладальнікаў карты паляка. Па словах дыктатара, “важна не перагнуць палку”.
Адна з удзельніц сустрэчы нагадала, што нядаўна ў Беларусі ўступіў у сілу закон аб грамадзянстве. Таму яна задала пытанне, як быць з людзьмі, якія маюць карту паляка.
«А што рабіць з картай паляка? Можа быць, яе трэба ўвогуле па-за законам пакінуць і неяк абмежаваць людзей, у якіх ёсць гэтая карта паляка?» – прапанавала яна.
«А што да карты паляка, ну мы добра падрэзалі крылы гэтым людзям. Адчуваю, што гэтая тэма ёсць. Мы яшчэ раз вернемся да гэтай праблемы», – сказаў беларускі дыктатар.
Лукашэнка дадаў, што даў даручэнне па гэтым пытанні сваёй адміністрацыі. Паводле яго слоў, ён нават асабіста ведае прадстаўнікоў улады, якія маюць карту паляка.
«Не хочацца пакрыўдзіць і людзей. Вось я ў Гродне са шматлікімі знаёмы. Яны і ва ўладзе працуюць. Але карта паляка ў іх у кішэні ляжыць. Я кажу: „Мужыкі, ну як так?“ — „Аляксандр Рыгоравіч, ды вы не хвалюйцеся, калі трэба — заўтра аддамо“. Ну, кажа, усе бралі, мы ўзялі. Там паехаць кудысьці, яшчэ нейкая перавага была. Ну, усе атрымлівалі, кажа, і мы атрымалі. Не хочацца падразаць гэтых людзей. Таму мы робім акуратныя крокі», – сказаў ён.
«Пераціскаць не трэба людзей. Людзі павінны жыць свабодна на сваёй зямлі, у сваім грамадстве. Каб яны выказвалі сваю пазіцыю, нікога не баяліся. У адваротным выпадку навошта такая дзяржава, дзе будуць ціснуць людзей. Таму вельмі важна не перагнуць палку. Гэта не я прыдумаў. Гэты народны выраз. Але пра гэтых падумаем», – дадаў Лукашэнка.
У ліпені ў Беларусі набыў моц абноўлены закон аб пазбаўленні грамадзянства. Ён прадбачвае магчымасць страты грамадзянства па нараджэнні для людзей, асуджаных па некаторых артыкулах КК і якія знаходзяцца за мяжой. Таксама закон прадпісвае грамадзянам Беларусі апавяшчаць МЗС або МУС аб наяўнасці ў іх віду на жыхарства замежнай дзяржавы або іншых дакументаў, якія даюць права на льготы і іншыя прэферэнцыі.
Крыніца: reform.by
Fot. Fandom