У Навагрудку адбыліся галоўныя ўрачыстасці з нагоды 80-годдзя мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак. Раніцай 1 жніўня 1943 г. у Батароўскім лесе пад Навагрудкам нацысты расстралялі адзінаццаць сясцёр-назарэтанак з мясцовага кляштара, якія аддалі свае жыцці ў абмен на 120 арыштаваных і асуджаных на смерць жыхароў Навагрудка.

Шмат людзей прыехала ў Навагрудак, каб ушанаваць памяць сведкаў Хрыста, якія ахвяравалі сябе за бліжніх, і вучыцца ў іх адважна ісці праз жыццё, прыбыло шмат людзей. Таксама прыйшла традыцыйная пешая пілігрымка з Новай Мышы (Пінская дыяцэзія) у складзе 27 чалавек.

Удзельнікі ўрачыстасцяў дзякавалі Пану за дар благаслаўлёных назарэтанак для Касцёла на Гродзеншчыне і Касцёла ва ўсёй Беларусі. Праз заступніцтва сясцёр-мучаніц прысутныя прасілі даць ім, іх сем’ям і супольнасцям ласку глыбокай і моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Бога і бліжніх. Акрамя таго, маліліся за мір ва ўсім свеце, у кожным доме і сям’і, і аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась – дванаццатай назарэтанкі з навагрудскага кляштара, якая пазбегла мучаніцкай смерці.

Святую Імшу ў межах урачыстасцяў узначаліў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх падкрэсліў, што Батароўскі лес, нямы сведка тых трагічных падзей, “стаў для сясцёр назарэтанак своеасаблівай Галготай, на якую яны неслі свой крыж”, і што “яны загінулі, але, як і Езус, перамаглі смерць, бо праз яе ўвайшлі ў Божае Валадарства”.

Затым распачалося малітоўнае чуванне ў навагрудскім санктуарыі бл. Марыi Стэлы і яе 10 паплечніц ля саркафага, дзе захоўваюцца іх рэліквіі. Праграма ўсяночнага чування ўключала канферэнцыю, Ружанец да сясцёр-мучаніц за сем’i, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і Крыжовы шлях. У 4.30 раніцы — прыкладна ў час расстрэлу сясцёр — адбылася святая Імша.

Крыніца: grodnensis.by

Фота: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)