Амбасада Рэспублікі Польшча ў Мінску перадала беларускаму МЗС неабвержныя доказы парушэння паветранай прасторы Польшчы двума беларускімі верталётамі. У заяве Польшча запатрабавала ад беларускага боку тэрмінова растлумачыць гэты інцыдэнт, а таксама спынiць правакацыi на мяжы з Польшчай.
Як адзначаецца, «прадстаўленыя звесткі супярэчаць пазіцыі Рэспублікі Беларусь, выкладзенай у афіцыйных камюніке МЗС Беларусі і Міністэрства абароны».
«Мы заклікаем беларускі бок тэрмінова растлумачыць гэты інцыдэнт, скарэктаваць сваю пазіцыю па гэтым пытанні і спыніць усе правакацыі ўздоўж польска-беларускай мяжы», — адзначаецца ў заяве польскага МЗС.
Увечары 1 жніўня стала вядома, што Беларусь парушыла паветраную прастору Польшчы.
У адказ на інцыдэнт міністр нацыянальнай абароны Польшчы Мар’юш Блашчак аддаў загад аб павелічэнні колькасці вайскоўцаў на мяжы і разгортванні дадатковых сіл і сродкаў, у прыватнасці баявых верталётаў.
Учора прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа сустрэліся ў Сувалкскім калідоры. Яны прагназуюць, што колькасць правакацый з боку Расіі і Беларусі будзе расці.