Mіліцыя склала пратакол на апазiцыйнага актывіста і журналіста з Рагачова Дзяніса Дашкевіча, які больш за год жыве ў Польшчы. Гэтым разам сiлавiкi ўгледзелi «экстрэмізм» на фотаздымку польскага прэзідэнта Анджэя Дуды на фоне бел-чырвона-белага сцяга.

У складзеным 31 ліпеня 2023 году ад імя ўчастковага Віталя Сімакова пратаколе гаворыцца, што актывіст і рэдактар сайту «Рогачёв Онлайн», будучы ў неўстаноўленым месцы, з 11.06.2021 па 17.07.2023 «размясціў інфармацыйную прадукцыю, якая прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць». Пералічаныя публікацыі на сайце, сярод якіх перадрук матэрыялу Reuters «Прэзiдэнт Анджэй Дуда правёў кансультацыі з прэм’ер-міністрам і кіраўніком Міністэрства абароны». Для ілюстрацыі гэтай публікацыі Дашкевіч выкарыстаў здымак Анджэя Дуды на фоне бел-чырвона-белага сцяга.

У размове з Радыё Свабода журналіст кажа, што не разумее, як прэзідэнт Польшчы можа «спрыяць экстрэмісцкай дзейнасці». Па словах Дашкевіча, ціск на яго быў аказаны «па просьбе мясцовага ідэолага Наталлі Прус».

«Яна напісала скаргу ў пракуратуру, маўляў на сайце «Рогачёв. Онлайн» ёсць выявы бел-чырвона-белага сцяга. Пракуратура ўгледзела ў гэтым «экстрэмізм», нават у прэзiдэнце Польшчы. І ўжо міліцыя на загад пракуратуры склала гэты пратакол. Што тычыцца бел-чырвона-белага сцяга, то на сайце раённай газeты «Свабоднае слова» можна знайсці дзясятак артыкулаў, дзе ёсць гэты сцяг. Ці прыцягнуць раёнку да адказнасці за «экстрэмізм»? — разважае Дашкевіч.

У 2017-2020 гадах актывіст працаваў дырэктарам Дома культуры ў вёсцы Побалава. Восенню 2020 года Дашкевіч быў звольнены. У мясцовай газеце «Свободное слово» час ад часу артыкулы са знявагамі ў ягоны адрас.

Kрыніца: svaboda.org

Фота: KPRP/Krzysztof Sitkowski

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)