Еўразвяз выступіў з заявай напярэдадні трэцяй гадавіны фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
«У гэты дзень тры гады таму сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы, каб мірна адстаяць сваё права вырашаць сваю будучыню. Гэтыя стыхійныя дэманстрацыі былі жорстка падаўленыя рэжымам Лукашэнкі», — гаворыцца ў заяве.
У ЕС кажуць, што сёння сітуацыя ў Беларусі для тых, хто спрабуе крытыкаваць рэжым, стала горш, чым калі-небудзь раней. У краіне налічваецца каля 1500 палітвязняў. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека прызнаў, што некаторыя беларускія практыкі могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці.
Рэжым Лукашэнкі, як падкрэсліваюць у ЕС, стаў пагрозай рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы, а таксама саўдзельнікам агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. У дакуменце згадваецца і пагадненне пра размяшчэнне расійскіх ядзерных боегаловак на тэрыторыі Беларусі, і перакідванне ў нашу краіну наймітаў ПВК “Вагнер”.
У ЕС падкрэсліваюць, што санкцыі супраць афіцыйнага Мінска былі прынятыя як адказ на рэпрэсіі ў краіне, парушэнні міжнароднага права і падтрымку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. “ЕС будзе працягваць аказваць ціск на беларускі рэжым так доўга, як гэта спатрэбіцца”, — гаворыцца ў заяве.
ЕС высока ацэньвае і падтрымлівае намаганні беларускага дэмакратычнага руху і пры гэтым заклікае беларускія ўлады пачаць “сапраўдны і інклюзіўны дыялог з усімі пластамі грамадства, які вёў бы да свабодных і справядлівых выбараў”.
Калі Беларусь стане на шлях дэмакратыі, Еўрасаюз бярэ на сябе абавязак дапамагчы краіне стабілізаваць эканоміку і рэфармаваць інстытуты. Бюджэт плана эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі складае да 3 мільярдаў еўра.
“ЕС будзе падтрымліваць беларусаў столькі, колькі неабходна, на іх шляху да стварэння незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай краіны, якая з’яўлялася б часткай мірнай Еўропы”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.