Спартсменка Крысціна Ціманоўская, якая выступала за зборную Беларусі да 2021 года, будзе прадстаўляць Польшчу на жнівеньскім чэмпіянаце свету ў Будапешце. Спартсменка раскрытыкавала кіраўніцтва беларускай зборнай падчас Алімпійскіх гульняў у Токіа ў 2021 годзе і адмовілася вяртацца ў Беларусь, баючыся за сваю бяспеку.

Сусветная лёгкаатлетычная арганізацыя World Athletics дазволіла Крысціне Ціманоўскай стартаваць пад бела-чырвоным сцягам.

“Нацыянальная экспертная камісія пагадзілася адмяніць трохгадовы перыяд чакання, пачынаючы з даты падачы заяўкі (12 чэрвеня 2023 года), паколькі Ціманаўская апошні раз прадстаўляла Беларусь 30 ліпеня 2021 года на Алімпіядзе ў Токіа і не ўдзельнічала ў нацыянальных спаборніцтвах на працягу двух гадоў”, — гаворыцца ў лісце экспертнай камісіі World Athletics.

«Я вельмі шчаслівая, але адчуваю дзіўныя эмоцыі, бо ўсё адбылося так хутка і нечакана», — напісала 26-гадовая спартсменка ў Instagram.

Нагадаем, беларускія чыноўнікі спрабавалі выціснуць Крысціну Ціманоўскую наўпрост з Алімпійскай вёскі ў Токіа пасля таго, як яна раскрытыкавала кіраўніцтва беларускай зборнай. Ціманоўская адмовілася садзіцца на самалёт з Токіa.

У выніку яна знайшла прытулак у Польшчы. У 2022 годзе яна атрымала польскае грамадзянства з рук прэзідэнта Анджэя Дуды.

Крыніца: tribuna.com

Fot. Instagram

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)