Кіраўнікі МЗС трох краін Балтыі і Польшчы выступілі з сумеснай заявай, у якой выказалі салідарнасць з беларускім народам. Сёння спаўняецца трэцяя гадавіна фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

У сумеснай заяве кіраўнікі дыплaматыі напісалі, што «рэжым у Мiнску, клапоцячыся толькі пра ўласнае выжыванне, працягвае падрываць беларускую дзяржаўнасць, адмаўляючыся ад яе сувeрэнітэту на карысць Расiі незаконным чынам і насуперак волі беларускага народу».

«Акрамя таго, за гэтыя тры гады Беларусь стала сапраўднай крыніцай дэстабілізацыі ў цэнтры Еўропы і ўсё большай пагрозай міжнароднай бяспецы. Рэжым Лукашэнкі працягвае арганізоўваць дзеяннi, якiя садзейнічаюць незаконнаму перасячэнню знешніх межаў ЕС грамадзянамі трэціх краін.

Міністры запэўнілі ў далейшай падтрымцы беларусаў на шляху да свабоды і дэмакратычных пераменаў у краіне.

«У гэты выключна балючы момант гісторыі Беларусі мы нязменна падтрымліваем яе народ і застаёмся вернымі абавязацельствам, выказаным у гістарычным дэвізе «За нашу і вашу свабоду». Мы верым у дэмакратычную, незалежную і суверэнную Беларусь гэтак жа, як і ў перамогу Украіны. Мы не спынімся ў падтрымцы беларускага народа, які змагаецца за сваю свабоду і годнасць. Мы працягнем падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, іх лідараў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія разам імкнуцца да дэмакратычных зменаў у Беларусі».

Кіраўнікі МЗС таксама звярнуліся да ўладаў у Мінску з заклікам вызваліць усіх палітвязняў.

«Аўтарытарныя рэжымы пацерпяць крах, а тыраны будуць прыцягнуты да адказнасці. Мы паўтараем наш заклік да неадкладнага і безумоўнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных, а таксама да спынення рэпрэсій і саўдзелу ў агрэсіі Расіі супраць Украіны. Ва ўмовах працяглых рэпрэсій, парушэнняў міжнароднага права, пастаяннай інструменталізацыі міграцыі і іншых злачынстваў мы будзем працягваць палітыку ізаляцыі злачыннага і незаконнага рэжыму Лукашэнкі і ўзмацнення жорсткасці адрасных і сектаральных санкцый, уведзеных Еўрапейскім саюзам.

Нагадаем, тры гады таму, 9 жніўня 2020 года, у Беларусі завяршыліся прэзідэнцкія выбары.

Паводле сфальсіфікаваных вынікаў, Аляксандр Лукашэнка набраў 80,1%, Святлана Ціханоўская — 10,2%. На многіх участках незалежныя назіральнікі адзначылі несумненную перавагу Ціханоўскай.

Ужо ўвечары 9 жніўня пачаліся масавыя акцыі пратэсту і затрыманні, якія набылі беспрэцэдэнтны ў найноўшай гісторыі Беларусі маштаб рэпрэсій.

Міжнародная супольнасць не прызнала вынікі выбараў.

Крыніца: gov.pl

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)