У 86-ю гадавіну так званай «польскай аперацыі» НКУС ля першага ў Польшчы помніка ахвярам гэтага злачынства, які стаіць у Саколах на Падляшшы, ушанавалі памяць палякаў, забітых падчас савецкага генацыду ў 1937-1938 гадах. Нягледзячы на ​​тое, што многія гісторыкі лічаць гэта адным з найбуйнейшых злачынстваў у Еўропе 20-га стагоддзя, яно застаецца практычна незаўважальным у грамадскай свядомасці.

На ўрачыстасцi , арганізаванай фундацыяй «Маладыя крэсы», выступілі падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі і намеснік ваяводы Томаш Мадрас, дзяржаўны сакратар Дарыюш Пянткоўскі, стараста Высокамазавецкага павета Багдан Зялінскі і бургамiстр гміны Саколы Юзаф Зайкоўскі, а таксама прадстаўнікі шматлікіх грамадскiх аб’яднанняў.

Таксама былі зачытаныя афіцыйныя лісты ад прадстаўнікоў польскага урада: міністра адукацыі і навукі Пшэмыслава Чарнэка, прэзідэнта Цэнтра ўрадавага заканадаўства Кшыштафа Шчуцкага, міністра дзяржаўных маёмасцяў Яцэка Сасіна і дзяржаўнага сакратара ў Міністэрстве цыфрызацыі Адама Андрушкевіча.

«Гэта частка гісторыі польскага народа, і мы павінны яе памятаць, без памяці пра нашых продкаў, якія аддалі свае жыцці за тое, каб захавалася Польшча, каб захавалася польскасць, яна не захаваецца і ў наступных пакаленнях. Пра трагедыю гэтых палякаў доўгія гады амаль не ведалі», — сказаў віцэ-міністр адукацыі і навукі Дарыюш Пянткоўскі. Як дадаў высакамазавецкі стараста, «гэта тое, што ўзрушвае сумленне кожнага паляка, што нагадвае нам, што варта быць палякам, што быць палякам — наш калектыўны абавязак».

Падчас урачыстасцяў таксама нагадалі пра сучасны пераслед палякаў у Беларусі.

«Цяпер польскасць ва ўсіх яе праявах вынішчаецца: зачыняюцца польскамоўныя школы, ліквідуюцца польскія могілкі, а польскіх дзеячоў у Беларусі саджаюць у турмы», – заявіў старшыня фундацыі «Маладыя крэсы» Міраслаў Капцэвіч.

Пасля цырымоніі ў мясцовым Культурна-бібліятэчным цэнтры адбылася навукова-папулярная канферэнцыя, падчас якой быў прадстаўлены даклад на тэму «Польская аперацыя НКУС», лекцыя, якая апісвае становішча палякаў пад уладай дыктатара Аляксандра Лукашэнкі і дакументальны фільм «Забароненая нацыянальнасць», які распавядае пра маладых польскіх актывістаў з Беларусі, вымушаных эміграваць з краіны з-за пераследу польскай меншасці.

Чым была «Польская аперацыя» НКУС?

«Польская аперацыя НКУС» пачалася летам-восенню 1937 года. Згодна з загадам No 00485 кіраўніка НКУС Мікалая Яжова ад 11 жніўня 1937 года асобы польскай нацыянальнасці — савецкія грамадзяне — прызнаваліся шпіёнамі на службе польскай разведкі. Была распачата вялікая акцыя «ачышчэння памежнай паласы ад няпэўнага элемента» і «поўнай ліквідацыі […] асноўных кадравых рэсурсаў польскай разведкі ў СССР».

«Усе арыштаваныя, па меры выяўлення ступені іх праступкаў у працэсе следства, дзеляцца на дзве катэгорыі: Першая катэгорыя, да якой адносяцца ўсе шпіёнска-дыверсійныя, зламысныя і паўстанцкія разведвальныя кадры, падлягае расстрэлу; другая катэгорыя, менш актыўная за іх, падлягае суду ў турмах і лагерах з пакараннем ад 5 да 10 гадоў», — загадваў Яжоў.

Толькі за месяц савецкія каты знішчылі каля 72 тысяч чалавек. Трупы забітых звозілі ў навакольныя лясы, дзе ў добра схаваных месцах кідалі ў глыбокія ямы і засыпалі. Яны былі пахаваныя побач з катынскімі ваеннапалоннымі ў Быкоўні і Курапатах, а таксама ў Маскве-Бутаве, Левашове пад Пецярбургам, Смаленску, Харкаве і Вінніцы.

Загадам 00486 сем’і загінулых былі высланы ў Казахстан і Сібір. Дэпартацыі з ліквідаванай толькі ў 1938 г. Дзяржыншчыны (польскі аўтаномны раён) закранулі, верагодна, каля 20 тыс. чалавек.

Злачынства, якое прынесла ў пяць разоў больш ахвяр, чым Катынскі расстрэл, дагэтуль не знайшло належнага месца ў калектыўнай памяці палякаў.

Крыніца: wb24.org/IPN

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)