У пятніцу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы наладжваць польска-беларускія адносіны. „Адной толькі змены наратыву абсалютна недастаткова”, — адрэагаваў на словы беларускага дыктатара ў інтэрв’ю RMF FM намеснік кіраўніка польскага МЗС Павел Яблоньскі.
„І з палякамі трэба размаўляць. Я даручаў прэм’ер-міністру звязацца з імі. Калі яны жадаюць, давайце размаўляць, наладжваць адносіны. Мы суседзі, а суседзяў не выбіраюць, яны ад Бога”, – сказаў Лукашэнка 11 жніўня падчас візіту ў Нацыянальным аэрапорце ў Мінску. „Адносіны з Еўрасаюзам губляць нельга”, – падкрэсліў ён.
Аднак выказванне палітыка не зрабіла вялікага ўражання на польскі бок.
„Адной толькі змены наратыву абсалютна не дастаткова”, – адказаў Лукашэнку намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Павел Яблоньскі. „Калі Беларусь хоча мець добрыя адносіны з Польшчай, шлях да гэтага вельмі просты. Спыненне атак на нашу мяжу, вызваленне Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў”.
Гэтыя рашэнні залежаць выключна ад беларускіх уладаў, зазначыў польскі дыпламат.
„У нас няма варожых намераў у адносінах да Беларусі і ніколі не было. Мы не маем намеру падтрымліваць дрэнныя адносіны з Беларуссю. Наадварот, хацелася б, каб яны былі як мага лепшымі. Але беларускія ўлады паводзяць сябе так, як паводзяць, і гэта яны нясуць поўную адказнасць за тое, што ў нас кепскія адносіны. Беларусь проста з’яўляецца варожа настроенай да Польшчы дзяржавай” — дадаў Яблоньскі.
Апошнім часам адбылося чарговае абвастрэнне напружанасці на польска-беларускай мяжы. 1 жніўня 2023 года два беларускія верталёты парушылі паветраную прастору Польшчы. У адказ на гэту правакацыю беларускага рэжыму міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак загадаў павялічыць колькасць вайскоўцаў на мяжы і вылучыць дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя верталёты.
Крыніца: rmf.fm/zerkalo.io