Краіны Балтыі і Польшча абмяркоўваюць магчымасць поўнага закрыцця межаў з Беларуссю, канчатковыя дамоўленасці будуць узгодненыя ў гэтым месяцы ў Варшаве, паведаміла агенцтву BNS міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ.

Паводле яе слоў, гэта будзе «рэгіянальнае рашэнне».

«У мяне была размова з міністрам унутраных спраў Польшчы тыдзень таму. Мы дамовіліся, што цяпер на тэхнічным узроўні ўзгадняем дзеянні, алгарытмы, як бы гэта выглядала, калі б была прынятая такая рэгіянальная пастанова, калі б гэта зрабілі адначасова краіны Балтыі і Польшча, — сказала міністарка журналістам у сераду перад пасяджэннем урада.

«Я хачу запэўніць вас, што на тэхнічным узроўні мы гэта абмяркуем, а на палітычным — запланавана сустрэча 28-га ў Варшаве, у якой возьмуць удзел міністры краін Балтыі і Польшчы, мы расставім канчатковыя акцэнты, як павінен выглядаць так званы сінхрон», — адзначыла яна.

Намеснік міністра ўнутраных спраў Арнольд Абрамавічус заявіў, што закрыццё ўсіх шасці памежных пунктаў з Беларуссю адначасова выкліча сур’ёзныя арганізацыйныя праблемы.

У сераду міністры вырашылі закрыць з пятніцы пункты пропуску «Шумскас» і «Цвярачус» на мяжы з Беларуссю. Пасля гэтага будуць дзейнічаць чатыры пункты на мяжы з Беларуссю: «Мядзінінкай», «Лаварышкі», «Райгардас» і «Шальчынінкай».

Па словах міністра, аб гэтым рашэнні грамадскасць будзе праінфармаваная больш падрабязна, каб яно не прынесла нязручнасцяў.

«Вядома, наша галоўная мэта — каб як мага больш памежнікаў было на мяжы», — сказала міністр.

Урад вырашыў часова закрыць два пункты «праз геапалітычныя абставіны і дзеля зніжэння пагроз». Транспартны паток будзе накіраваны на завяршальную рэканструкцыю пагранічнага кантрольна-прапускнога пункта «Мядзінінкай».

Літва і краіны Балтыі робяць такія захады з-за сітуацыі вакол вагнераўцаў у Беларусі і павелічэння патоку нелегальных мігрантаў.

Крыніца: nashaniva.com/BNS

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)