Больш за 57 тысяч беларусаў ужо выказалі жаданне атрымаць новы нацыянальны пашпарт Беларусі, праект якога быў прадстаўлены ў пачатку жніўня. Такія вынікі паказала апытанне, праведзенае на платформе «Голас» – паведаміў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі.
„Крыху больш за тыдзень таму мы прадставілі праект новага нацыянальнага пашпарта Беларусі. Мы ўражаны попытам: за такі кароткі тэрмін удзельнікі апытання выказалі намер атрымаць больш за 57 тысяч пашпартоў” – распавёў Кавалеўскі.
Паводле яго слоў, тысячы апытаных плануюць звяртацца па новы пашпарт не толькі для сябе, але і для членаў сям’і.
Больш за палову ўдзельнікаў апытання пражываюць у краінах ЕС, больш за трэць — у Беларусі, хаця “з пункту гледжання бяспекі праект пакуль арыентаваны на беларусаў замежжа”, падкрэсліў прадстаўнік АПК.
Часцей за ўсё беларусы выказвалі жаданне атрымаць альтэрнатыўны пашпарт з-за “непрымання рэжыму і яго акупацыйных сімвалаў”, а галоўнай перавагай назвалі “свабоду ад кантролю дыктатуры, якую ён дае ўладальніку”. Сярод больш прагматычных прычын – заканчэнне тэрміну дзеяння афіцыйнага пашпарта і цяжкасці з абменам дакумента ў беларускіх консульствах.
„Апытанне паказала, што як мінімум 2000 чалавек маюць патрэбу ў абнаўленні пашпартоў ужо цяпер. Гэта можа быць «верхавінай айсберга» — адзначыў Кавалеўскі.
Нагадаем, дызайн новага нацыянальнага пашпарта Беларусі быў прэзентаваны ў пачатку жніўня на канферэнцыі “Новая Беларусь 2023”.
У пашпарце выкарыстоўваюцца дзве мовы: беларуская і англійская. На старонках размешчаны нацыянальныя сімвалы, помнікі архітэктуры і культуры. Акрамя таго, дакумент змяшчае герб “Пагоня” і гімн БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.
Пашпарт будзе біяметрычным машынапісным дакументам, які адпавядае ўсім патрабаванням Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. Бяспека звестак будзе захоўвацца ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам ЕС, запэўнілі ў АПК.
Заяўкі на атрыманне дакумента будуць прымацца сеткай офісаў, размешчаных у краінах з найбольшай колькасцю беларусаў замежжа. Тамсама можна будзе забраць гатовы пашпарт. Пры гэтым дзяржаўныя пашпарты ўзору 1996 года і біяметрычныя пашпарты ўзору 2021 года адбірацца не будуць, каб беларусы мелі магчымасць ездзіць па гэтых дакументах у Беларусь.
Крыніца: zerkalo.io
Фота: АПК