Сёння спаўняецца 79 гадоў з дня бітвы пад Сурконтамі. У бітве, якую польскiя гiсторыкi называюць «Крэсовымi Фермапіламi» каля 80 салдат Арміі Краёвай аказалі гераічны супраціў значна пераўзыходзячым савецкім сілам. У баі загiнуў падпалкоўнік Мацей Каленкевіч «Котвіч» — сустваральнік канцэпцыі парашутных войскаў Ціхацемных, легендарны афіцэр Войска Польскага. Гэта была першая бітва Арміі Краёвай з савецкімі войскамі.

Атрад «Котвіча» размяшчаўся на вялікай адкрытай паляне, часткова акружанай балотамі. Наяўнасць такой вялікай партызанскай групы не засталася па-за ўвагай супрацоўнікаў НКУС, якія данеслі аб гэтым свайму кіраўніцтву. Каля 14.00 савецкая аператыўная група колькасцю каля сотні энкавэдэшнiкаў рушыла ў бок Сурконтаў; ганец паведаміў Каленкевічу аб пагрозе. Палякі спешна рыхтаваліся да абароны. Агнём з шасці кулямётаў яны нанеслі нападаючым значныя страты (паводле ацэнак, не менш за дзясятак забітых і столькі ж параненых). Сярод загінулых двое камандзіраў. Першую сутычку выйгралі палякі, але неўзабаве прыйшло падмацаванне з Радуні.

Мацей Каленкевіч пс. Котвіч (фота: nac.gov.pl)

Прыбл. у 17.00 салдаты Арміі Краёвай атакавалі ўвесь батальён 32-га мотастралковага палка НКУС. Пасля доўгага і жорсткага бою чаша вагаў перамогі пачала схіляцца на бок Саветаў, тым больш, што яны мелі падтрымку з паветра. Некалькі самалётаў абстралялі польскія пазіцыі з кулямётаў. Па словах кап. Баляслава Васілеўскага (удзельніка бітвы), суадносіны сіл былі 10 да 1 – не на карысць палякаў. Савецкія кулі дасягнулі ў тым ліку Мацея Каленкевіча і яго таварышаў Багдана Карповіча «Саву» і Яна Скрахоўскага «Астрога». Колькі партызанам удалося выйсці з акружэння, ацаніць цяжка, верагодна, іх было каля 20. Страты з расійскага боку залежаць ад крыніц: ад 64 загінулых (столькі прозвішчаў фігуруе на помніку загінуўшым энкавэдэшнікам у Радуні) да 132 (паводле дэпешы капітана Станіслава Сэндзяка «Варты»).

Партызаны Навагрудчыны выбудоўваюць лінію абароны (фота: nac.gov.pl)

Маёр Мацей Каленкевіч «Котвіч» (на белым кані) падчас інспекцыі ў 1-м батальёне 77-га пяхотнага палка Арміі Краёвай, люты 1944 г. (фота: nac.gov.pl)

Нагадаем, летась беларускія ўлады зраўнялі з зямлёй могілкі герояў, якія загінулі ў бітве пад Сурконтамі, з дапамогай цяжкай тэхнікі. Пахаваны тут у тым ліку падпалкоўнік Мацей Каленкевіч «Котвіч» разам з 36 падначаленымі, у тым ліку шасцю афіцэрамі Навагрудскай акругі Арміі Краёвай.

Могілкі загінулых воінаў Арміі Краёвай у Сурконтах перад знішчэннем (фота: wikimedia commons)

Крыніца: IPN

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)