У Гродзенскім гарвыканкаме не маюць звестак пра памянты знак у гонар паўстанцаў з 1863 года, які знік у ліпені са сцяны чыгуначнага вакзала. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе намесніка старшыні гарвыканкама Зоі Кулешы на петыцыю жыхароў Гродна.
Пра знікненне дошкі з будынка чыгуначнага вакзала стала вядома 20 ліпеня. Замест яе з’явілася шыльда ў гонар савецкіх падпольшчыкаў часоў Другой сусветнай вайны.
Памятная дошка з дуба была ўстаноўлена 30 гадоў таму на чыгуначным вакзале ў Гродне. Яе аўтар — гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў.
Петыцыю пасля яе знікнення падпісалі 72 чалавекі. Чыноўнікаў прасілі патлумачыць, на якіх падставах дэмантавалі знак і які яго лёс.
Усім, хто спрабаваў даведацца пра лёс памятнага знака, чыноўнікі адказвалі, што не маюць звестак.
Тэлеграм-канал “Спадчына” з гэтай нагоды пісаў: “Спачатку Гродзенскі гарвыканкам “не ведаў”, што памятны знак у гонар паўстанцаў 1863 года, які размяшчаўся на тэрыторыі чыгуначнага вакзала, з’яўляецца творам дэкаратыўна-манументальнага мастацтва. Калі ім паказалі канкрэтны пункт, то высветлілася, што яны нічога не ведаюць ні пра знак, ні пра тое, што з ім стала. Ага. Ну тады давядзецца пісаць заяву на выкраданне твора мастацтва”.
Паводле інфармацыі тэлеканала «Гродна 11:27», за знікненнем дошкі магла стаяць прарасійская актывістка Вольга Бондарава, якая ўжо пахваліла Зою Кулешу за такія адказы.
Крыніца: telegram