Сёння ў Варшаве з нагоды Еўрапейскага дня памяці ахвяр сталінізму і нацызму палякі і беларусы супольна ўсклалі кветкі да Помніка загінуўшым і забітым на Усходзе.
Урачыстасці памяці ахвяр двух таталітарных рэжымаў пачаліся з цырымоніі ля Помніка загінуўшым і забітым на Усходзе. На ёй прысутнічалі прадстаўнікі польскай супольнасцi з Беларусі, аб’яднанай у фундацыi “Маладыя крэсы”, і беларускай дэмакратычнай апазіцыі, якую прадстаўляў Рух салідарнасці “Разам”. Прамаўляючы падчас цырымоніі, старшыня фундацыі «Маладыя крэсы» звярнуў увагу на наступствы таталітарных сістэм, якія і сёння закранаюць многія народы. Ён звярнуў увагу на тое, што ў назве свята адсутнічае слова камунізм, бо сталінізм быў толькі часткай злачыннай камуністычнай ідэалогіі. Таксама Капцэвіч згадаў вайну ва Украіне і пераслед польскай меншасці ў Беларусі.
Затым удзельнікі цырымоніі ўсклалі кветкі, аддаючы даніну памяці ахвярам дзвюх злачынных таталітарных сістэм – карычневай і чырвонай.
Увечары ў Доме Палоніі а 19-й гадзіне адбудзецца сустрэча з ініцыятарам штогадовай Беларускай нацыянальнай выправы ў Катынь Вячаславам Сіўчыкам і старшынём фундацыі «Маладыя крэсы» Міраславам Капцэвічам.
Еўрапейскі дзень памяці ахвяр сталінізму і нацызму быў абвешчаны Еўрапейскім парламентам 23 верасня 2008 года. Яго мэта — ушанаваць памяць ахвяр масавых злачынстваў, учыненых двума таталітарызмамі, а таксама ўкараніць дэмакратыю і ўмацаваць мір і стабільнасць у Еўропе.