Аляксандру Лукашэнку прыйшлося апраўдвацца, бо пасля смерці лідара «Групы Вагнера» Яўгенiя Прыгожына СМІ нагадалі, хто быў пасярэднікам у перамовах пасля заканчэння «Маршу на Маскву» ў чэрвені.

“Калі наўпрост адказваць на гэтае пытанне: я і не павінен забяспечваць бяспеку Прыгожына… Як я мог яму гарантаваць гэтую бяспеку? Таму гэта пытанні не да мяне”, — гаварыў Лукашэнка. Паводле яго слоў, “ніколі ў такім ключы размова і не ішла”. Пры гэтым ён прызнае, што гаворка пра гарантыі бяспекі была. Ды і яго словы пра іх зафіксаваныя на відэа.

“Першы раз, калі я яму тэлефанаваў і ішлі перамовы, калі яны маршам ішлі на Маскву, — кажа Аляксандр Лукашэнка. — Я яму кажу: “Жэня, ты разумееш, ты загубіш людзей і сам загінеш?”. У запале гэты чалавек (толькі з фронту): “Чорт з ім, загіну!”. Я яму кажу: “Жэня, я зараз табе вышлю вяроўку і кавалак мыла”. “Не, не, не. Я так не хачу. Я героем загіну”. Вось першая размова ішла. Другі раз, калі ён прыязджаў да мяне з Дзімам Уткіным. Я катэгарычна іх абодвух папярэдзіў: “Хлопцы, глядзіце”.

Такім чынам Лукашэнка спрабуе абвергнуць абвінавачванні ў тым, што ён не стрымаў слова. Раней яго прапагандысты нават пісалі, што Яўгенiй Прыгожын атрымаў гарантыі бяспекі толькі на тэрыторыі Беларусі.

Таксама ў пятніцу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Уладзімір Пуцін не можа стаяць за забойствам Прыгожына. Але не можа і сказаць, хто ж за гэтым стаіць. “Я не магу ўявіць, што гэта зрабіў Пуцін, што вінаваты Пуцін. Занадта грубая, непрафесійная праца, калі ўжо на тое пайшло”, — дадаў ён.

Яўгенiй Прыгожын і яго паплечнікі загінулі 23 жніўня. Самалёт, на якім яны ляцелі, пацярпеў катастрофу ў Цвярской вобласці РФ.

Крыніца: euroradio

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)