25 жніўня ў Гродне, у парку Жылібера, адбыўся 4-асабовы пікет расiйскага Нацыянальна-Вызваленчага руха (НОД). Удзельнікі акцыі патрабавалі скасавання беларускай дзяржаўнасці і ўключэння яе ў склад Расіі.
Свой пікет яны зладзілі з нагоды надання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь статуса канстытуцыйнага акта. Адбылося гэта 25 жніўня 1991 года.
Прарасійскія актывісты трымалі ў руках сцягі НОД і перавернуты сцяг рэжыма.
“Беларусь ніякая не незалежная, а вельмі залежная”, – заявіў адзін з удзельнікаў.
Яму адказвала іншая ўдзельніца: «Сёння спаўняецца 32 гады незалежнасці Беларусі. Я б гэта ў двукоссі ўзяла. “Незалежнасць” – цікава, ад чаго яна?».
У роліку, які яны апублікавалі, актывісты разважаюць пра лёс Беларусі і лічаць, што нашая краіна павінна быць далучаная да Расіі і цалкам знікнуць як дзяржава. Паглынуць Беларусь яны прапануюць з дапамогай аднаўлення СССР або Расійскай імперыі.
«Радзіма! Воля! Пуцін!» – скончыў свой рэпартаж адзін з арганізатараў акцыі.
Ці быў пікет санкцыянаваны мясцовымі ўладамі – невядома.
Крыніца: reform.by