На мінулым тыдні ў Беластоку прайшла чарговая акцыя салідарнасці з журналістам і актывістам Саюза палякаў на Беларусі Анджэем Пачобутам, якога злачынны рэжым Лукашэнкі асудзiў на 8 гадоў калоніі. Падчас пікету віцэ-старшыня Саюза палякаў на Беларусі Марэк Занеўскі распавёў пра цяперашнюю сiтуацыю вакол зняволенага актывіста.

«Што тычыцца Анджэя, на жаль, сітуацыя вельмі цяжкая. Наступныя шэсць месяцаў правядзе ў камеры для пакарання, беспадстаўна кінуты туды. Так што сітуацыя пагаршаецца. Да яго не пускаюць адваката, не даходзяць лісты, не даюць яму лекаў, якія яму патрэбны кожны дзень».

Пазней у каментары для «Радыё Унэт» Марэк Занеўскі больш падрабязна распавёў пра сітуацыю з Пачобутам.

«Найвялікшая праблема на сёння — гэта адсутнасць інфармацыі, бо да Андрэя не можа трапіць адвакат, не даходзяць лісты, яго пазбавілі магчымасці тэлефанавання дадому. І гэта стварае найвялікшую праблему, бо мы не ведаем, дзе ён цяпер, у якім ён стане і што ўвогуле там з ім дзеецца. З той інфармацыі, што да нас даходзіць, ён на шэсць месяцаў асуджаны знаходзіцца ў камеры пакарання ў калоніі і не атрымлівае лекаў для сэрца, якія патрабуе кожны дзень. Гэта таксама прымушае вельмі непакоіцца», — зазначыў Занеўскі.

Нагадаем, 8 лютага Гродзенскі абласны суд у асобе Дзмітрыя Бубенчыка прысудзіў Анджэя Пачобута да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за «прызыў да санкцый» і «распальванне варожасці».

26 мая Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд польскаму актывісту.

Каля двух месяцаў таму Анджэя Пачобута этапавалі ў калонію ў Наваполацку, што на поўначы Беларусі.

Крыніца: radiounet.fm

 

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)