Імем польскага дэзерціра Эміля Чэчкі, які ўцёк у Беларусь і праз некалькі месяцаў быў павешаны ў сваёй кватэры ў Мінску, будзе названы завулак каля Генеральнага консульства Польшчы ў Гродне. Рашэнне назваць фрагмент адной з вуліц Гродна было прынята гарадскім Саветам дэпутатаў 30 жніўня 2023 года.
Праезд размяшчаецца ў дварах паміж вуліцай Будзёнага (дамы 46 і 48) і вуліцай Ажэшкі (дамы 47 і 49). Ён вядзе да вялікага офіснага будынку з польскім консульствам, побач з праездам знаходзіцца таксама кафэ «Паланэз» і жылыя дамы.
Дэпутаты на тым жа пасяджэнні вырашылі назваць новую вуліцу ад вуліцы Карскага да Азёрскай шашы імём Сяргея Прытыцкага — беларускага савецкага антыпольскага дзеяча, які адзін час жыў у Гродне. Раней, у савецкія часы, завод «Гродна Азот» насіў імя Прытыцкага. Новая вуліца знаходзіцца акурат побач з заводам.
Польскі дэзерцiр Эміль Чэчка 16 снежня 2021 года збег у Беларусь і папрасіў палітычнага прытулку. У размове з беларускімі прапагандыстамі ён хлусiў пра нібыта «масавыя забойствы польскімі жаўнерамі на мяжы мігрантаў і валанцёраў». Ён таксама казаў так, быццам сам удзельнічаў у гэтых «расстрэлах». Пасля заяваў Чэчкі ўпраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека правяло праверку і не знайшло пахаванняў мігрантаў на польска-беларускай мяжы, пра якія казаў дэзерцір.
А 17 сакавіка 2022 года стала вядома, што Чэчку знайшлі павешаным па месцы жыхарства ў Мінску. Следчая камісія не апублікавала вынікаў расследавання яго смерці.
Крыніца: hrodna.life/euroradio.fm