Польшча гатовая адкрыць памежныя пераходы з Беларуссю, калі Аляксандр Лукашэнка пойдзе на саступкі і прыбярэ з краіны вагнераўцаў і нелегалаў. Пра гэта паведаміў віцэ-міністр унутраных спраў Польшчы Мацей Вoнсік у эфіры TVP Info, каментуючы вынікі сустрэчы міністраў унутраных спраў краін Балтыі і Польшчы ў Варшаве.
«Паглядзім, як будзе паводзіцца Беларусь або рэжым у асобе Лукашэнкі», — сказаў ён.
У панядзелак у сумеснай заяве міністры ўнутраных спраў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі запатрабавалі ад Беларусі вываду ПВК Вагнер, а таксама адводу мігрантаў ад мяжы і адпраўкі іх у краіны паходжання. Яны таксама дамовіліся закрыць мяжу з Беларуссю ў выпадку крытычных інцыдэнтаў, якімі можа быць ужыванне зброі ці прарыў групы мігрантаў.
Вонсік, адказваючы на пытанне вядоўцы, прызнаў, што разлічвае на змякчэнне палітыкі Мінска.
«Я спадзяюся, што памякчэе ў многіх вымярэннях, не толькі ў міграцыйнай палітыцы, але і ў гульні мускуламі. Не трэба, каб за нашай мяжой стаяла група злачынцаў, якую ўтрымлівае Лукашэнка, група «Вагнера» ці частка яе, гатовая на ўсё. Гэта людзі з баявым досведам, з досведам забойстваў. Мы чакаем, што Лукашэнка пазбавіцца ад гэтых людзей. Таксама гэта пэўная праблема ў перспектыве для Лукашэнкі, бо калі ім нешта не спадабаецца ў Беларусі (беларускае войска слабае), могуць проста паехаць на Мінск, як ехалі на Маскву. Гэта будзе ім нашмат прасцей, тым больш, што яны стаяць бліжэй да Мінска, чым стаялі да Масквы», — дадаў ён.
Вонсік дадаў, што пытанне датычыцца і міграцыйнай палітыкі. Ціск на мяжу павінен быць паніжаны.
«Калі Беларусь не хоча быць ізаляванай, то мусіць пачаць супрацоўнічаць. Гэта, відавочна, павінна быць аплачана Беларусі. Можа быць, адкрыем частку памежных пераходаў, закрытых цяпер. Але калі супрацоўніцтва і рэакцыі з іншага боку не будзе, то ў пэўны момант усе тры краіны, Польшча, Літва і Латвія, закрыюць усе памежныя пераходы, не толькі дарожныя, але і чыгуначныя, і Беларусь фактычна будзе адрэзана ад Еўропы», — сказаў ён.
Крыніца: tvp.info