Аляксандр Лукашэнка адхіліў патрабаванне аб вывадзе наймiтаў з ПВК Вагнер з Беларусі, якое ўтрымлівалася ў сумеснай заяве міністраў унутраных спраў краін Балтыі і Польшчы. На думку Лукашэнкі, суседзі могуць нешта патрабаваць ад Беларусі толькі ў тым выпадку, калі на іх тэрыторыі не будзе ніводнага замежнага вайскоўца.
Беларускі дыктатар заявіў, што ў кіраўніцтве Польшчы і краін Балтыі «пануе гістэрыка з нагоды знаходжання на тэрыторыі Беларусі наймітаў з ПВК Вагнер».
Яны дастукаліся да таго, што ўжо патрабуюць неадкладнага вываду іх з Беларусі. Пры гэтым самі павялічваюць ваенныя бюджэты, сцягваюць да нашых меж буйныя воінскія фарміраванні, – заўважыў ён. – Адказ просты: ні ў Польшчы, ні ў Літве, ні ў іншых краінах Балтыі не павінна быць ніводнага замежнага вайскоўца. Тады можна і нам прад’яўляць прэтэнзіі наконт прысутнасці тут вайскоўцаў з іншых краін. А пакуль гэта неабгрунтаваныя і неразумныя патрабаванні.
Таксама самаабвешчаны прэзідэнт абвінаваціў краіны Захаду ў падрыхтоўцы «беларускіх эмігрантаў да ваеннага перавароту ў Беларусі».
Зноў жа хачу папярэдзіць, што ў гэтым плане мы ні з кім цырымоніцца не будзем. Хоць, трэба аддаць належнае, нашы збеглыя, якія знаходзяцца ў Польшчы, Літве і асабліва ва Украіне, разумеюць, для чаго іх там выкарыстоўваюць, – сказаў Лукашэнка.
Нагадаем, што 28 жніўня ў Варшаве адбылася сустрэча кіраўнікоў міністэрстваў унутраных спраў Польшчы і краін Балтыі, якая датычылася сітуацыі ў рэгіёне і каардынацыі сумеснай дзейнасці ў сферы бяспекі. Міністры заклікалі беларускія ўлады вывесці наймітаў ПВК Вагнер з краіны.
Крыніца: zerkalo.io/rmf24.pl