Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыла Буданаў скептычна выказаўся наконт магчымасці выкарыстання Беларуссю ядзернай зброі, перададзенай Расiяй.
Буданаў лічыць ядзерную зброю ў Беларусі “вялікай геапалітычнай гульнёй” і сродкам ядзернага стрымлівання і павышэння ставак.
«Дарэчы, адносна ядзернай зброі Беларусі, літаральна некалькі дзён таму першыя боегалоўкі былі дастаўленыя. Да таго праводзіліся маштабныя трэніроўкі з ядзернымі імітатарамі», – заявіў Буданаў.
Па словах кіраўніка ГУР, трэніроўкі паказалі негатоўнасць беларускіх вайскоўцаў да эксплуатацыі ядзернай зброі.
“Я чытаў арыгіналы дакументаў па выніках трэніровак. Даволі нядобрыя для Беларусі дакументы. Расійскае 12-е Галоўнае ўпраўленне, гэта ўпраўленне, якое адказвае за менавіта гэтыя сродкі, напісала, што па выніках трэніровак з ядзернымі імітатарамі для сістэмы Іскандэр, якія ў невялікай колькасці ёсць у Беларусі, была прызнана поўная негатоўнасць Беларусі да эксплуатацыі падобнага ўзбраення», – заявіў Буданаў.
Ён адзначыў, што ў той жа час беларусы паказалі “максімальна высокі вынік” у валоданні тэхнікай тыпу “Кропка У”.
Нагадаем, у ліпені Аляксандр Лукашэнка заявіў, што большая частка ядзерных боегаловак ужо прыбыла ў Беларусь. Астатняя частка ядзернай зброі павінна быць пастаўлена да канца года. Генеральны сакратар НАТА ў ліпені заявіў, што альянс адзначыў перамяшчэнне ядзернай зброі.
Крыніца: unian