З 4 верасня грамадзяне Беларусі могуць зноў запісвацца на падачу дакументаў для атрымання турыстычнай візы. Гэта можна зрабіць ва ўсіх польскіх візавых цэнтрах у Беларусі.
Кошт візы – € 35. Акрамя візавага збору, спаганяецца сэрвісны збор у памеры € 11. Па інфармацыі на сайце візавага цэнтра, за дадзенай візай могуць звяртацца заяўнікі, якія накіроўваюцца ў Польшчу з адной з гэтых мэт: краязнаўчыя экскурсіі, паломніцтва і ўдзел у культурна -забаўляльных мерапрыемствах (у тым ліку – як глядач).
Пакет дакументаў для падачы – стандартны: пашпарт не старэйшы за 10 гадоў, медыцынская страхоўка на суму не менш за € 30 000, фатаграфіі не старэйшыя за 6 месяцаў, даведка з месца працы з указаннем заработнай платы за апошнія тры месяцы, пацвярджэнне броні пражывання. Больш падрабязна з патрабаваннямі можна азнаёміцца тут.
Турыстычныя візы выдаюцца на тэрмін да пяці гадоў. Максімальны тэрмін звычайна залежыць ад візавай гісторыі заяўніка.