У варшаўскім раёне Воля паўстаў мурал з выявай постаці польска-беларускага журналіста, дзеяча польскай меншасці ў Беларусі і вязня сумлення рэжыму Лукашэнкі Анджэя Пачобута. Ініцыятарам і стваральнікам мурала з’яўляецца фундацыя “Młode Kresy”, а партнёрам – беларуская моладзевая арганізацыя “Рух”.

На мурале бачна выява Анджэя Пачобута і нацыянальныя сімвалы Польшчы і Беларусі, над якімі размешчаны надпіс «Памятай пра суайчыннікаў у Беларусі! Стоп рэпрэсіям!» Графіка была зроблена на сцяне апоры на мяжы раёнаў Воля і Бэмова.

Мурал з’яўляецца выразам павагі Анджэю Пачобуту за яго сведчанне мужнасці, яго непахіснай патрыятычнай пазіцыі і прывязанасцi да польскасці. Ініцыятары хацелі, каб гэты мурал таксама нагадваў польскаму грамадству пра тысячы палітвязняў і антыпольскую кампанію, якая працягваецца ў гэтай краіне.

У лютым гэтага года актывіста Саюза палякаў на Беларусі Анджэя Пачобута асудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Журналіста прызналі вінаватым у распальванні варожасці і закліках да санкцый. 26 мая Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу і пакінуў прысуд без змены. Тры тыдні таму яго жонка Аксана паведаміла, што яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на шэсць месяцаў.

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)