Учора ў Любліне польска-беларускі журналіст і дзеяч польскай меншасці Анджэй Пачобут, асуджаны на 8 гадоў зняволення, быў уганараваны медалём з нагоды 75-годдзя місіі Яна Карскага. Узнагароду для палітвязня атрымаў яго брат Станіслаў – піша Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) са спасылкай на Польскае радыё.

Падчас цырымоніі Станіслаў Пачобут сказаў, што хацеў бы, каб гэты медаль ягоны брат атрымаў асабіста:

„Я не адчуваю сябе вартым атрымаць гэты медаль, у галаве ўвесь час круцяцца дзіўныя думкі, што Андрэй забраў бы яго лепш. Я не зраблю гэта так добра, як ён” — расчулена сказаў Станіслаў Пачобут. „Надзея заўсёды памірае апошняй, мы верым, што ўрэшце муры абрынуцца і ўсе выйдуць. У Беларусі цяпер больш за 1500 прызнаных палітзняволеных і амаль столькі ж непрызнаных, якія не звярнуліся па дапамогу і не сказалі, за што знаходзяцца ў турме” — сказаў Станіслаў.

На ганаровай імпрэзе прысутнічаў намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка.

„Адным з тых, каго спрабуе зламаць рэжым Лукашэнкі, з’яўляецца Андрэй Пачобут. Для беларускага народа ён — герой. Для польскага народа ён — герой. Ён наш агульны герой! Гэта той чалавек, які сімвалічна аб’ядноўвае нас сёння ў барацьбе супраць дыктатуры і тыраніі” — падкрэсліў беларускі палітык.

Нагадаем, Таварыства імя Яна Карскага вырашыла ўшанаваць Анджэя Пачобута ў знак салідарнасці са зняволеным журналістам. У сваім абгрунтаванні асацыяцыя падкрэсліла, што місія Пачобута “яўна блізкая да місіі па спыненні Халакоста, распачатай Янам Карскім у 1942 годзе”.

«Як легендарны эмісар польскай падпольнай дзяржавы перажыў нацысцкае зняволенне і катаванні, так і Анджэй Пачобут падвяргаецца аналагічнаму выпрабаванню на фізічную стойкасць, цвёрдасць характару і зацятасць у духу надзеі. Як Карскі, вызвалены з турмы сваімі паплечнікамі, вярнуўся да барацьбы за Польшчу, так і Пачобут, вызвалены сіламі міжнароднай салідарнасці, вернецца да барацьбы за Беларусь і яе месца ў сям’і свабодных, самавызначальных супольнасцей і народаў», – заявілі прадстаўнікі таварыства.

Крыніца: baj.by, Stowarzyszenie Jana Karskiego

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)